Беларускія настаўнікі адукацыйнага і культурнага праекта, а таксама аднаіменнай кнігарні «Гартайка» стварылі ініцыятыўную групу для адкрыцця яшчэ адной беларускамоўнай школы. Беларусам прапануюць таксама далучыцца да ініцыятывы і прайсці важнае апытанне.
«Шаноўныя бацькі дзяцей-беларусаў Вільні. Мы, беларускія настаўнікі, адукацыйныя прафесіяналы і вельмі матываваныя бацькі, стварылі ініцыятыўную групу для адкрыцця яшчэ адной беларускамоўнай школы. Каб распачаць узаемадзеянне з Дэпартаментам адукацыі Літвы і іншымі дзяржаўнымі структурамі, нам неабходна ведаць колькасць дзяцей, якія могуць стаць вучнямі такой навучальнай установы», – пішуць актывісты ініцыятывы.
Каб далучыцца, трэба проста прайсці апытанне. Мэта – выявіць зацікаўленасць беларускай дыяспары ў гэтай ініцыятыве і колькасць магчымых вучняў у новай школе. Адказы прымаюцца на любой мове і будуць выкарыстаны як ананімныя.
Калі памятаеце, першая прыватная беларуская школа і дзіцячы садок, дзе дзеці могуць займацца на рускай і беларускай мовах, адкрылася ў Вільнюсе ў 2021 годзе. Навучанне ў школе каштуе каля 5000 еўра ў год. Але ўладальнікі яшчэ на этапе адкрыцця планавалі актыўна шукаць магчымасці атрымання стыпендый і грантаў, каб дапамагчы дзецям з сем’яў палітычных эмігрантаў аплачваць навучанне.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.