«Купалаўцы» у рамках тэатральнага фэсту ў Варшаве выступяць з прэм’ерай

«Купалаўцы» у рамках тэатральнага фэсту ў Варшаве выступяць з прэм’ерай
Фестываль беларускага тэатра ў Варшаве INEX ФЭСТ прадставіць 14 ліпеня на сцэне Teatr WAM найноўшую прэм’еру «Купалаўцаў» і neTTheatre — «Камедыя Юдзіфі» паводле п’есы Сяргея Кавалёва, біблейскіх тэкстаў і бэкетаўскіх маналогаў, злучаных ва ўнікальных прапорцыях.

Рэжысёр спектакля, аўтар сцэнарыя і кампазітар – Павел Пасіні, аўтарка сцэнаграфіі, касцюмаў і відэапраекцыі – Аляксандра Канарска, харэографка – Анна Пузё. Шматгалоссе тэкстаў пастаноўкі гучыць у перакладах Малгажаты Бухалік, Наталлі Русецкай, Васіля Сёмухі і нават Францішка Скарыны.

«Камедыя Юдзіфі» – гэта ўніверсальная прыпавесць пра сутыкненне чалавечага лёсу з бязлітаснай машынай гісторыі, пра канфлікт паміж асабістым шчасцем і грамадскім абавязкам.

Спектакль ставіць шмат нязручных пытанняў, закранае праблему патрыятызму, тэрарызму, прыроды тыраніі і спосабаў барацьбы з ёй. Ці можа адзін чалавек, адна жанчына выратаваць краіну ад тырана і агрэсара? У які момант супраціў гвалту ператвараецца ў гвалт, а фанатычная вера ў тэрарызм?

Гэта чарговае супрацоўніцтва польскай пастановачнай каманды neTTheatre (Teatr w Sieci Powiązań) і беларускіх акцёраў з незалежнай групы «Купалаўцы».

У спектаклі занятыя: Зоя Белахвосцік, Валянціна Гарцуева, Аляксандр Гарцуеў і Аляксандр Казела.

Жывую музыку выконваюць: Павел Пасіні і Марцін Судзіньскі (Złodzieje Miodu).

Спектакль ідзе на беларускай мове з польскімі субтытрамі.

Замовіць квіткі можна па спасылцы.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фото: «Купалаўцы».

#Варшава #Беларусь
поделиться