Сёння, 3 лістапада, парэшткі Змітрака Бядулі перапахаваюць на Усходніх могілках у Мінску, піша zviazda.by. Запрашаюць усіх, хто хоча ўшанаваць памяць пісьменніка.
Чаму адбываецца перапахаванне пісьменніка?
Вядомы беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік) памёр 3 лістапада 1941 года на станцыі Уральск (Казахстан), калі ехаў у цягніку падчас эвакуацыі з Беларусі.
26 лютага 2020 года прах Змітрака Бядулі перавезлі ў Беларусь. Зараз стала вядома, што літаратара перапахаваюць на Усходніх могілках, дзе пахаваны Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў ды іншыя класікі.
Дырэктар музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў расказаў, што цырымонія адбудзецца 3 лістапада – менавіта ў гэты дзень Змітрок Бядуля пайшоў з жыцця.
– Перад пахаваннем адбудзецца цырымонія развітання, – кажа Міхаіл Рыбакоў. – Мы плануем правесці яе ў філіяле нашага музея па вуліцы Рабкораўскай, 19 – у Беларускай хатцы, дзе Змітрок Бядуля жыў.
І гэта таксама сімвалічна: чалавек, які жыў у тым доме, з гэтага дома і выправіцца ў апошні шлях. Як быццам пачынаецца новы круг прысутнасці пісьменніка на радзіме, дзе адраджаецца яго памяць, дзе пра яго выходзяць кнігі, а напісанае ім вывучаюць у школах.
Калі і куды прыходзіць?
З 11:00 да 13:00 Беларуская хатка (Рабкораўская, 19) будзе адкрыта для ўсіх, хто захоча аддаць даніну памяці беларускаму пісьменніку. Там можна паглядзець экспазіцыю, прысвечаную Змітраку Бядулю.
У 14:00 адбудзецца пахаванне на Усходніх могілках. Там выступяць усе асноўныя ўдзельнікі (сярод іх – сын пісьменніка Яфім Плаўнік), а на магіле ўсталююць крыж. Потым будзе аб’яўлены конкурс на помнік.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.