У выдавецтве «Янушкевіч» з’явілася навінка: пераклад кнігі «Нармальныя людзі» ірландскай пісьменніцы Салі Руні. Гэта раман пра міленіялаў, які чытаюць ва ўсёй Еўропе.
Чаму варта звярнуць увагу на кнігу «Нармальныя людзі»?
Ірландскую пісьменніцу Салі Руні называюць узыходзячай зоркай новай літаратуры ды «Сэлінджэрам для міленіялаў». Раман «Нармальныя людзі» стаў бестселерам амаль ва ўсіх краінах, дзе выйшаў у перакладах.
У Вялікабрытаніі па кнізе нават знялі серыял. Ён атрымаўся вельмі ўдалым: рэйтынг 7,7 на сайце kinopoisk.ru і 8,5 ад найбуйнейшага сайта пра кінематограф IMDb.
Кнігу Салі Руні «Нармальныя людзі» пераклала з англійскай мовы на беларускую Ганна Янкута – перакладчыца і аўтарка дзіцячай кнігі «Кот Шпрот і зніклы мышамабіль».
Пра што кніга?
Галоўныя героі кнігі, Конэл Уолдран і Мэрыян Шэрыдан, жывуць у невялікім ірландскім гарадку, вучацца ў адным класе, але належаць да абсалютна розных сусветаў: яна – самотніца з багатай сям’і, ён – папулярны ў школе хлопец, чыя маці прыбірае ў доме Шэрыданаў.
Спакойнае жыццё герояў пераварочваецца, калі паміж імі ўзнікае незразумелае для абодвух пачуццё. Пераехаўшы пасля заканчэння школы ў Дублін, Конэл і Мэрыян спрабуюць знайсці сябе і ўрэшце разабрацца, што іх яднае.
Кнігу можна набыць за 19,90 руб. на сайце выдавецтва «Янушкевіч».
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Фото: выдавецтва «Янушкевіч».