Фэйсбук-супольнасць Belarusian Soviet Monumental ART паведаміла ўчора, 18 снежня, што дэкаратыўнае пано «Садоўніцы» каля мінскага гатэля «Планета» цяпер знаходзіцца пад аховай дзяржавы, тады як іншая праца – «Маладосць» – пакуль застаецца без абароны.
Керамічнаму пано «Садоўніцы» ў холе гасцініцы «Планета» афіцыйна прысвоілі гэты статус. Само пано існавала даўно, але да гэтага часу не мела юрыдычнага статусу.

Керамічнае пано «Садоўніцы» ў холе гасцініцы «Планета». Фота: Belarusian Soviet Monumental ART, Facebook.com.
Рашэнне прынята на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Сябры рады аднагалосна падтрымалі прапанову аб прызнанні дэкаратыўнай кампазіцыі каштоўнасцю.

Керамічнае пано «Садоўніцы» ў холе гасцініцы «Планета». Фота: Belarusian Soviet Monumental ART, Facebook.com.
«Неверагоднае пано Яўгена Кузняцова, які падарыў Мінску дыханне Сандра Батычэлі, цяпер з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і ахоўваецца дзяржавай. Мы выказваем падзяку ўсім, хто садзейнічаў гэтай падзеі: Радзе, Міністэрству культуры, сястры Яўгена Кузняцова Надзеі Кузняцовай», – сказана ў публікацыі.
Пры гэтым іншы твор Кузняцова (мазаіка «Маладосць») пакуль не атрымаў такога статусу і, як адзначаюць актывісты, застаецца пад пагрозай знішчэння ў сувязі з рамонтам.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.















