З сённяшняга дня, 21 кастрычніка, у крамах OZ з’явіліся кнігі без назваў і вокладак. Пакупнікі выбіраюць іх паводле кароткага апісання і даведваюцца, што ўнутры, толькі пасля распакоўкі. Пра старт акцыі паведамілі на сайце кампаніі.
Сетка кнігарняў OZ запусціла незвычайную акцыю «Распакоўка». На паліцах з’явіліся выданні ў непразрыстых упакоўках – без вокладкі, назвы і імя аўтара. На ўпакоўцы пазначана толькі кароткае апісанне сюжэта, якое дапамагае здагадацца, пра які твор ідзе гаворка.


Акцыя «Распакоўка». Скрыншоты: @myozby, Instagram.com.
Тыя, хто вырашыцца на куплю «ўсляпую», атрымаюць скідку 20%, а на некаторыя кнігі – да 30%. У акцыі ўдзельнічае больш за 30 вядомых твораў. Сярод іх – «Марцін Ідэн», «Навальнічны перавал», «451° па Фарэнгейце», «Партрэт Дарыяна Грэя», «Кветкі для Элджэрнона», «Нарвежскі лес», «Калі ўсе коткі ў свеце знікнуць», «Агент прывіда. Духі Мінска» і іншыя.
«Мы хочам дадаць крыху вострых адчуванняў у такі прывычны занятак, як купля кніг. Няхай чытачы адчуюць лёгкае хваляванне – як перад спатканнем усляпую. Вядома, мы не хочам нікога расчараваць, таму ўсе кнігі, якія ўдзельнічаюць у акцыі, – гэта бестселеры, любімыя беларусамі», – адзначылі ў OZ.
Для тых, хто не любіць сюрпрызы, ёсць невялікі «спойлер»: на зваротным баку ўпакоўкі размешчаны QR-код, па якім можна даведацца, якая кніга ўнутры.
Акцыя стартанула 21 кастрычніка і праходзіць ва ўсіх кнігарнях сеткі OZ.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.