У Мінску пасля маштабнай і неадназначнай рэканструкцыі 26 студзеня адкрылася Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна на Сухой, 25. Комплекс, звязаны з памяццю пра Халакост і гісторыяй Мінскага гета, адкрыўся напярэдадні Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту. Пра гэта стала вядома з фэйсбук-групы «Цікавы Мінск».
Адкрыццё адбылося 26 студзеня. Прастору апісваюць як своеасаблівы «партал»: наведвальнік трапляе з сучаснай часткі (шкла і бетону) у гістарычнае асяроддзе, непасрэдна звязанае з трагедыяй Халакосту і лёсам вязняў гета, якія спрабавалі хавацца і ратавацца.
«Комплекс выкананы двухузроўневым (1-ы паверх і цокальны паверх) з ліфтам для зручнасці пажылых людзей і інвалідаў. Падрыхтавана новая экспазіцыі ў Гістарычнай майстэрні, прысвечаная гісторыі Мінскага гета і лагеру смерці ў Трасцянцы. 26.01.2026, напярэдадні Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту, адбылося сімвалічнае адкрыццё новага комплексу, праведзена экскурсія і ўстанаўленне мезузы. Новы комплекс – гэта яшчэ і даніна памяці Леаніду Левіну, імя якога носіць Гістарычная майстэрня», – расказаў Міхаіл Шухварка ў фэйсбук-групе «Цікавы Мінск».


Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна. Фота: Міхаіл Шухварка, Facebook.com..
З чаго ўсё пачалося?
У пачатку снежня 2024 года ў Мінску знеслі драўляны будынак гістарычнай майстэрні на вуліцы Сухой, 25. Будынак стаяў у межах яўрэйскага гета, недалёка ад мемарыяла «Разбіты ачаг» у памяць пра забітыя нацыстамі яўрэйскія сем’і. Раней планавалася, што дом рэканструююць, але ў выніку яго проста разбурылі.
Гэты дом быў пабудаваны на пачатку ХХ стагоддзя. Ён мог належаць сям’і Бяркоўскіх, кіраўнік якой Лейб Бяркоўскі працаваў вартаўніком на мясцовых могілках.
Падчас Другой сусветнай вайны дом апынуўся ў межах менскага гета. Мяркуецца, што падчас аблаў там хаваліся яўрэі. Як успамінаў відавочца Яўхім Гальштэйн, у 1943 годзе стала зразумела, што гета будуць ліквідаваць. Тады адзін з жыхароў Пінхус Добін выкапаў у падвале дома так званую схованку.

Так выглядаў драўляны будынак гістарычнай майстэрні на Сухой, 25, у Мінску.
Туды засяліліся яго сваякі, суседзі і знаёмыя – так у склепе апынулася 26 чалавек. Да вызвалення горада людзі правялі ў склепе дзевяць месяцаў, але выжыла толькі палова.
У 2000-х будынак рэканструявалі на грошы ФРГ – там размясцілі гістарычную майстэрню, у якой праходзілі адукацыйныя праграмы, выставы і экскурсіі. У будынку знаходзілася экспазіцыя, прысвечаная нямецкаму генацыду ў гады Другой сусветнай.
У 2015 годзе майстэрні прысвоілі імя Леаніда Левіна – беларускага архітэктара, аднаго са стваральнікаў мемарыяльных комплексаў «Хатынь», «Яма», «Чырвоны бераг» і таго самага «Разбітага ачага».
Чаму год таму вакол гэтага будынка было шмат спрэчак?
У 2021 годзе з’явіўся план рэканструкцыі і мадэрнізацыі будынка. Заказчыкам выступіў Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёханеса Рау. У гэтым кантэксце знос будынка быў не спантанным, а прадуманым.
Каментуючы год таму знос будынка, адміністрацыя Маскоўскага раёна казала, што рэканструкцыя прадугледжвала дэмантаж будынка, аднаўленне яго першапачатковага выгляду і даабсталяванне прыбудовамі.
Работы павінны былі скончыць да жніўня 2025 года. Па задумцы, у будынку зноў будуць праводзіць семінары і выставы.

План рэканструкцыі будынка. Фота: Mosk.minsk.gov.by.
Відавочна, чаму абураліся мінчане: гістарычных будынкаў, ды тым больш з такім трагічным бэкграўндам, у Мінску адзінкі. І зносіць іх – гэта як быццам бы занадта. Аднак падаецца, што ў гэтай гісторыі ўсё не так адназначна. Магчыма, знесены ў снежні 2024 года дом не заспеў ваенны час, лічылі аўтары Telegram-канала «Спадчына».
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















