Дзяніс Кіцель, арнітолаг з Беларусі, распачаў унікальны праект у Грузіі. Ён стварае спецыяльныя домікі для соў, каб абараніць іх ад пагроз, якія ствараюць людзі і суровыя ўмовы.
Як працуе праект?
Дзяніс стварае штучныя гняздоўі – драўляныя домікі, якія абараняюць птушак ад надвор’я і драпежнікаў. Скрыні размяшчаюцца на фермах, у цэрквах і іншых месцах, дзе совы могуць бяспечна гнездавацца.
Спачатку арнітолаг фінансаваў праект самастойна, але цяпер яго падтрымліваюць мясцовыя жыхары і валанцёры. Напрыклад, адзін з фермераў дазволіў размясціць домікі ў сваім вінаградніку, а майстар з Кахеці дапамог зрабіць першыя скрыні. Акрамя аховы птушак, праект спрыяе барацьбе з грызунамі, што дапамагае фермерам скараціць шкоду ад шкоднікаў, не выкарыстоўваючы хімікаты.
На сёння ў Грузіі ўсталяваны ўжо 34 скрыні для сіпух і 42 для соў-сплюшак. 8 з іх ужо заселены сіпухамі, а 14 – совамі-сплюшкамі. У некаторых выпадках птушкі перасяляюцца ў гэтыя домікі з небяспечных месцаў.
Як совы апынуліся ў Грузіі?
Сіпухі, адзін з відаў соў, з’явіліся ў Грузіі ў 2003 годзе. Іх арэал пашырыўся з Еўропы і Блізкага Усходу, і цяпер гэтыя птушкі жывуць па ўсёй краіне. Яны палююць на грызуноў і не баяцца людзей, селячыся пад дахамі будынкаў і ў закінутых цэрквах. Але рамонты і абслугоўванне гэтых месцаў часта разбураюць гнёзды, што пагражае жыццю птушанят.
Як можна далучыцца?
Каб усталяваць новыя гнёзды, Дзяніс збірае данаты. Напрыклад, 20 долараў у месяц за год аплачваюць адзін домік для сіпухі, а ваша імя выгравіруюць на яго сценцы. Сабраныя сродкі ідуць на абсталяванне для назіранняў і экспедыцый.
– Мая мэта – стварыць бяспечнае асяроддзе для сіпух, дзе яны могуць жыць у бяспецы, – кажа Дзяніс. – Я планую ўсталяваць 100 домікаў.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.