У Беларусі з’явілася беларускамоўная настолка пра вялікіх суайчыннікаў «Тутэйшыя». Яна створана ў калабарацыі брэнда OZ і студыі распрацоўкі настольных гульняў «Кубік» з Гродна.
Пра што гульня?
У гульні прадстаўлены карткі з выявамі выбітных беларускіх дзеячаў, такіх як мастак Марк Шагал, паэт Уладзімір Караткевіч, князёўна Анастасія Слуцкая і многія іншыя. Такая настольная гульня – спосаб весела бавіць час і займальны шлях даведацца пра вядомых людзей, якія зрабілі свой унёсак у развіццё краіны.
Уявіце, што межы часу сцерліся і выбітныя беларусы розных часоў апынуліся ў ХХІ стагоддзі. Цяпер кожны гулец павінен выбраць свайго персанажа і адказаць на незвычайныя пытанні, напрыклад: «Што б расказала Бона Сфорца ў інтэрв’ю для глянцавага часопіса?», «Які прынт быў бы на цiшотцы ў Вітаўта?», «Што б рабіла Вера Харужая падчас зомбі-апакаліпсісу?» Трэба зразумець, якога дзеяча выбралі вашы сапернікі, а яны павінны адгадаць, хто вы. Выйграе першы, хто знойдзе свайго двайніка.
.jpg)


На які ўзрост разлічана гульня?
Пажаданы ўзрост удзельнікаў – ад 14 гадоў, але строгіх абмежаванняў няма. Гуляць адначасова могуць ад 2 да 6 чалавек. Працягласць – 30–45 хвілін, у залежнасці ад падрыхтаванасці ўдзельнікаў.
А што ўваходзіць у камплект?
- 50 картак з вядомымі беларусамі;
- 25 картак з пытаннямі;
- 12 картак выбару;
- брашура з кароткімі біяграфіямі;
- карткі «так» і «не»;
- карткі падабаек;
- правілы гульні.
Дзе можна набыць настолку?
Набыць настолку сабе ці ў падарунак можна у фірмовых крамах сеткі, праз дадатак OZ альбо на сайце OZ.by.
Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.