Новости За день
CityDog.io

«Народная Воля» часова спыняе выпуск PDF-версіі. Не выключаецца і поўнае закрыццё

«Народная Воля» часова спыняе выпуск PDF-версіі. Не выключаецца і поўнае закрыццё
Кіраўніцтва адной з найстарэйшых незалежных газет Беларусі «Народная Воля» звярнулася да чытачоў і спонсараў з просьбай аб тэрміновай дапамозе. У іншым выпадку выданню пагражае поўнае спыненне дзейнасці пасля амаль трох дзясяткаў гадоў, паведамляюць журналісты.

Кіраўніцтва адной з найстарэйшых незалежных газет Беларусі «Народная Воля» звярнулася да чытачоў і спонсараў з просьбай аб тэрміновай дапамозе. У іншым выпадку выданню пагражае поўнае спыненне дзейнасці пасля амаль трох дзясяткаў гадоў, паведамляюць журналісты.

Што здарылася?

«Шаноўныя прыхільнікі свабоднага слова! На жаль, абставіны склаліся такім чынам, што выданне газеты “Народная Воля” ў PDF-фармаце становіцца на месяцовую паўзу. Такая сітуацыя выклікана надзвычай цяжкім фінансавым становішчам. Рэдакцыя не мае магчымасці пакрываць расходы па арэндзе памяшкання, тэхнічным абслугоўванні, выплаце заробкаў і падаткаў. Мы ў адным кроку ад закрыцця. Каб гэта не здарылася, трэба набраць як мага болей падпісчыкаў на PDF-версію», – канстатуе рэдактарат у спецыяльным звароце да сваіх прыхільнікаў.

Такім чынам, папярэдні выпуск у электронным фармаце дайшоў да падпісчыкаў у пятніцу, 28 красавіка, але планавага аўторкавага ўжо не будзе. Як надоўга зацягнецца паўза, залежыць ад актыўнасці старых і новых чытачоў.

Як можна падпісацца?

Падпісацца на PDF-версію газеты «Народная Воля» можна на сайце belpressa.by. Для гэтага трэба зайсці на названы рэсурс, націснуць укладку «2023» і выбраць месяцы, на якія будзе афармляцца падпіска. Цана пытання сімвалічная – 9,48 руб.

«Вы, нашы сённяшнія чытачы, можаце гэтаму актыўна паспрыяць. Парайце, калі ласка, сябрам, саслужыўцам, суседзям, сваякам, каб і яны таксама падпісаліся на PDF-версію газеты, – заклікае кіраўніцтва выдання. – Вядома ж, адначасова стаіць пытанне і аб вяртанні “Народнай Волі” ў друкарню, але гэта ўжо іншая размова. А пакуль асобна звяртаемся да тых, хто мае магчымасць праявіць адрасную дабрачыннасць».

А як можна яшчэ дапамагчы?

Ёсць некалькі спосабаў пералічыць грашовыя сродкі на рэдакцыйны рахунак (рэквізіты ў рускамоўным варыянце):

  • Через ЕРИП: СМИ – Н (просто буква) – «Народная Воля» – Добровольные взносы.
  • Через БАНК: ИЧУП «Народная Воля». 220030 г. Минск, ул. Энгельса, 34а, р/с BY08 PJCB 3012 0065 3510 0000 0933, код PJCBBY2X, ЦБУ 113 «Приорбанк» ОАО, г. Минск, УНП 100961759.

Рэдакцыя газеты загадзя выказвае шчырую ўдзячнасць усім неабыкавым беларусам. Пазнейшая лёсавызначальная інфармацыя з’явіцца на сайце nv-online.info і на электроннай пошце падпісчыкаў.

Чаму захаваць «Народную Волю» важна?

«Народная Воля» – незалежная беларуская грамадска-палітычная газета, заснаваная ў 1995 годзе Іосіфам Сярэдзічам пасля таго, як указам Лукашэнкі ён быў адхілены ад кіравання парламенцкай «Народнай газетай», заснавальнікам якой быў Вярхоўны Савет.

На працягу наступнай больш чым чвэрці стагоддзя газета пашырала кола адданых чытачоў, самастойна вырашаючы эканамічныя пытанні. Але цяперашняя сітуацыя без перабольшання крытычная, на коне – далейшае існаванне выдання.

Яшчэ ў 2020 годзе «Народная Воля» разам з шэрагам іншых недзяржаўных выданняў страціла магчымасць выходзіць у папяровым выглядзе – за асвятленне масавых акцый пратэсту «Беларускі дом друку» адмовіўся браць у працу макеты, а «Белпошта» выключыла газету са свайго падпіснога каталога.

Нейкі час у якасці альтэрнатывы выступалі расійскія друкарні, але 13 лістапада 2020-га ў офіс «Народнай Волі» прыйшлі невядомыя без дакументаў і канфіскавалі ўвесь надрукаваны наклад – 25 тысяч экзэмпляраў. Пад ціскам кантрольных органаў ад супрацы адмовіліся і ў Расіі.

Следам склалася абсурдная сітуацыя: Эканамічны суд Мінска прысудзіў на карысць прадпрыемству «Белпошта» кампенсацыю за тое, што выданне… не даставіла прадугледжаныя дамовамі наклады на пошту і для падпісчыкаў. Той факт, што «Народную Волю» адмовіліся друкаваць паўсюль у «Саюзнай дзяржаве», суд праігнараваў. Вердыкт – выплаціць заяўніку больш за 108 тысяч рублёў «матэрыяльных прэтэнзій».

Тым часам рэдакцыя «Народнай Волі» працягвала дастаўляць падпісчыкам па электроннай пошце PDF-версіі нумароў, паралельна працаваў сайт. Аднак 18 жніўня 2022 года ўлады заблакіравалі старонку nv-online.info, да яе не было доступу як унутры краіны, так і за мяжой.

Наступныя паўгода фактычна адзінай інфармацыйнай пляцоўкай для чытачоў газеты заставаўся тэлеграм-канал і электронная версія газеты, PDF-файлы двойчы на тыдзень адпраўляліся кожнаму падпісчыку на электронную пошту.

Толькі напрыканцы снежня 2022 года з’явіўся загад за подпісам міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова, на падставе якога інтэрнэт-рэсурсу было афіцыйна дазволена вярнуцца ў медыйнае поле. Сайт паўнавартасна запрацаваў сёлета 9 студзеня.

 

Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter