У Мінскім скверы Адама Міцкевіча з’явяцца інтэрактыўныя скульптуры, якія разам утвараюць манументальнае слова «МОВА». Кампанія А1 плануе далучыць да арт-аб’ектаў у скверы бясплатны Wi-Fi.
Што трэба ведаць пра інсталяцыі «МОВА»?
Калі памятаеце, CityDog.by пісаў, што гэтай вясной у Мінску і абласных цэнтрах Беларусі з’явіцца серыя арт-інсталяцый: у межах ініцыятывы «Веліч роднай мовы» на вуліцах усталююць наборы інтэрактыўных скульптур, якія разам утвараюць слова «МОВА».
Фактычна інсталяцыі – гэта вулічная мэбля, вырабленая з дрэва і металу. Аўтар арт-аб’ектаў – вядомы беларускі скульптар Павел Вайніцкі. Па яго задуме, «МОВА» служыць месцам камунікацыі, дзе людзі могуць сустракацца і сядзець на скульптурных літарах.
Ідэя праекта заснавана на канцэпцыі нацыянальных колеравых упадабанняў, якую распрацаваў дызайнер, мастак і паэт Міхал Анемпадыстаў у кнізе «Колер Беларусі», а таксама на даследаваннях беларускага этнографа Міхаіла Раманюка, які рэканструяваў колеры традыцыйных народных строяў розных рэгіёнаў Беларусі.
– Чорны і чырвоны – базавыя колеры кожнага з арт-аб’ектаў, і яны будуць выкарыстоўвацца ва ўсіх гарадах, – расказаў Павел Вайніцкі. – Астатнія адценні абсалютна розныя – яны падкрэсліваюць адметнасці кожнага рэгіёну.
А што ў Мінску?
Мінск – геаграфічны, сацыяльны і культурны цэнтр краіны, у якім перамяшаны асаблівасці розных рэгіёнаў. Таму для інсталяцыі у сталіцы выбралі ўсе асноўныя колеры: сіні, зялёны, жоўты, чырвоны і чорны.
Літары «МОВА» з’явяцца ў скверы Адама Міцкевіча, на перасячэнні вуліц Гарадскі Вал і Няміга.
Пасля ўстаноўкі арт-інсталяцыі А1 плануе стварыць у скверы сетку бясплатнага Wi-Fi.
Фота: А1.