На платформе MolaMola пачаўся збор сродкаў на беларускамоўны мультсерыял «Вожыкавая палянка» з мнеманічнымі вершамі для самых маленькіх гледачоў.
Пра што мультфільм «Вожыкавая палянка»?
Мультфільм раскажа пра сям’ю вожыкаў з Сонечнай паляны: маму, тату і важанятаў – дзяўчынку і хлопчыка, якіх завуць Вожа і Пых-Пых. Разам з важанятамі маленькія гледачы будуць вучыць беларускія словы: назвы колераў, дні тыдня, лічбы ды іншае. Каб лепш запамінаць новае, стваральнікі прапаноўваюць кароткія рыфмаваныя вершыкі і лёгкія песенькі.
Гісторыі з жыцця вожыкаў прыдумляе пісьменніца Ганна Янкута, за малюнак адказвае мастачка Святлана Катлярова.
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2019/11_november/27_19507/xYy6bq13WuaIHswO.jpg)
Плануецца, што ў мультсерыяла будуць 2-хвілінныя эпізоды з музычнай застаўкай. Сюжэты для серый – тое, з чым дзіця сутыкаецца ў штодзённым жыцці: гульні, прагулкі, дапамога бацькам, а часам і цікавыя фантазіі.
Куды пойдуць сабраныя грошы?
Зараз аўтары праекта збіраюць сродкі на пілотны эпізод «Гульня ў хованкі», прысвечаны беларускім лічбам. Патрэбная сума – 5400 рублёў. Грошы пойдуць на аплату мультыплікатару, аніматару, рэжысёру, музыкам, за агучку, звядзенне і мантаж.
На момант стварэння матэрыяла на «Вожыкавую палянку» ахвяравалі 970 рублёў.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Фото: MolaMola.