У Варшаве беларусы ствараюць утульную творчую прастору пад назвай «Кватэра.27». Тут будуць ладзіцца майстар-класы, лекцыі, вечарыны і проста сяброўскія сустрэчы. Каб адкрыць праект, арганізатары просяць дапамогі праз краўдфандынг.
Лявон Халатран, былы палітвязень і экс-менеджар бара ОК16, расказаў у сацсетках, што ў Варшаве ствараецца новае месца для беларусаў і беларусак – прастора «Кватэра.27».


Паводле яго слоў, гэта не проста звычайная кватэра, а своеасаблівы культурны аазіс: тут можна будзе праводзіць імпрэзы, кватэрнікі, майстар-класы, прагляды фільмаў, лекцыі і выставы, адзначаць святы або проста сустракацца з сябрамі за кубачкам кавы.
Ініцыятарам праекта стаў мастак і выкладчык Міша Шаціла, які некалькі гадоў вучыць дзяцей маляваць. Ён разам з сябрамі (Лявонам, Веранікай, Янай і Лізай) уласнаручна рамантуе кватэру ў старой варшаўскай камяніцы, каб стварыць адкрытую прастору для супольнасці.
Каманда ўжо зрабіла рамонт, сабрала частку мэблі і падрыхтавала першыя майстар-класы, але для паўнавартаснага запуску яшчэ патрэбна дапамога: грошы на кухонную тэхніку, якаснае асвятленне, аўдыёабсталяванне і іншыя дэталі, якія зробяць прастору па-сапраўднаму камфортнай.
Збор сродкаў ідзе на платформе Gronka, дзе кожны ахвяравальнік можа атрымаць прыемны падарунак у якасці падзякі: экскурсію, каву з печывам, эксклюзіўны малюнак, рамантычную вячэру, удзел у майстар-класе або нават вечарыну «пад ключ».
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: Gronka.org.

















