24–25 жніўня ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» правядуць дзіцячы маркет “РэчыДарэчы Junior”. Яго тэма – рыхтуемся да новага навучальнага года.
Што будзе на маркеце
На маркеце можна будзе прадаць, купіць, абмяняць ці падарыць рэчы, з якіх выраслі дзеці, але якія могуць прынесці карысць каму-небудзь яшчэ. А таксама новыя рэчы, канцылярскія тавары, кнігі, навучальныя дапаможнікі і гульні па ўзросце.
Для дзяцей тут будзе буккросінг, дзіцячая пляцоўка, гульні і майстар-класы, знаёмства з музычнымі інструментамі і чытанне ўслых.
А чым там заняцца дарослым?
Для бацькоў пройдуць карысныя лекцыі пра працу і развіццё мозга дзіцяці, пра ўзроставыя крызісы, пра першую дапамогу, пра актыўнае мацярынства і правільнае харчаванне, пра булінг у школе і многае іншае.
Дарослыя таксама змогуць атрымаць кансультацыю псіхолага, лагапеда, педыятра. А яшчэ даведацца, што новага з’явілася ў сферы альтэрнатыўнай адукацыі: спартыўныя секцыі, школы англійскай мовы, студыі ранняга развіцця.
У вас ёсць непатрэбныя рэчы?
Арганізатары маркета разам з Чырвоным Крыжам будуць прымаць рэчы для школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садкоў: вопратку, абутак, канцылярскія тавары, кнігі і навучальныя дапаможнікі, спартыўныя тавары.
Што, дзе, калі?
24–25 жніўня ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў” з 11:00 да 17:00. Уваход вольны.
Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.