Беларус з нікам kastusjakkalinouski апублікаваў у TikTok відэа, у якім расказаў пра свой заробак кур’ерам Glovo у Польшчы. За сем гадзін працы ён зарабіў 100 еўра (прыкладна 345 руб.).
У відэа мужчына тлумачыць, што працуе кур’ерам Glovo на звычайным шасэйным ровары. За адзін з дзён ён адпрацаваў каля сямі гадзін і атрымаў 100 еўра.


Заробак за адзін дзень працы. Скрыншот: @kastusjakkalinouski, TikTok.com.
Паводле яго слоў, зімой праца становіцца значна складаней. «Зараз по снезе ездзіць – гэта капец, але я навучыўся, і гэта вельмі крута», – кажа ён. Кур’ер адзначае, што фізічная нагрузка вялікая: трэба шмат гадзін ехаць на ровары з цяжкай торбай, у тым ліку па снезе.
Нягледзячы на складанасці, беларус прызнаецца, што праца яму падабаецца. Ён дадае, што пасля змены часта прыходзіць вельмі брудны, але стараецца не засмучаць кліентаў. У відэа ён таксама расказаў пра выпадак, калі падчас дастаўкі ў яго разбіўся заказ, але дастаўку проста скасавалі, і ніякіх праблем для яго не ўзнікла.
Пры гэтым аўтар відэа падкрэслівае, што такі заробак незвычайны. Паводле яго, ён, як правіла, працуе менш, а 100 еўра за дзень атрымаліся ў асноўным дзякуючы бонусам.
У каментарыях пад відэа некаторыя напісалі словы падтрымкі, а нехта задаваў удакладняючыя пытанні наконт працы кур’ерам.
«Шчасця вам у Польшчы!» – падтрымаў pashajezhora.
«А 6к зл. кур’ерам у месяц рэальна зарабіць?» – спытаў hytki_i_smachny.
«Такая работа заслугоўвае павагі», – лічыць pens212000.
Дарэчы, мы нядаўна расказвалі гісторыю Валеры – тымліда з 15-гадовым досведам працы ў IT на пазіцыі геймдызайнера, які не змог знайсці працу ў Польшчы па спецыяльнасці і пайшоў працаваць касірам.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці здесь.
















