У ноч з 29 на 30 кастрычніка ва ўрочышчы Курапаты ў трэці раз прайшла “Ноч расстраляных паэтаў”, якую ладзяць у памяць пра ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Беларусі. CityDog.by знайшоў фотаздымак, які, на наш погляд, найлепш адлюстроўвае сутнасць мерапрыемства.
Сёлета ўшанаваць памяць забітых дзеячаў культуры ва ўрочышчы Курапаты сабралося некалькі сотняў беларусаў. Традыцыйна падчас “Ночы расстраляных паэтаў” беларускія паэты і музыкі чытаюць творы расстраляных літаратараў.
Аўтар фотаздымка – журналіст Іван Мураўёў: “Моцна веру, што маленькіх дзяцей, якіх я сёння бачыў у Курапатах, хоць трохі зачапіла. Падрастуць, даведаюцца больш, а потым і даб’юцца большай інфармацыі. Беларусь пачынаецца цяпер, з выхавання гэтых “кветак жыцця”. Нізкі паклон усім, хто памятае!”