Для новага спектакля Купалаўскі тэатр збірае гісторыі беларусаў. Кожны, хто падзеліцца ўспамінамі пра дзяцінства, мае шанц убачыць сваё мінулае на Камернай сцэне тэатра ў спектаклі «Першы».
Навошта Купалаўскаму асабістыя гісторыі гледачоў?
Спектакль «Першы» – новая рэжысёрская работа Рамана Падалякі, які дэбютаваў з пастаноўкай «Радзіва “Прудок”» паводле аднайменнай кнігі Андруся Горвата.
Гэтым разам рэжысёр хоча зрабіць пастаноўку для тэатра разам з яго наведвальнікамі. Тэкст п’есы будуецца вакол успамінаў акцёраў і гледачоў: яны згадваюць самае важнае, што адбылося з імі ўпершыню ў перыяд ад маленства да 15 гадоў.
– Хочацца зрабіць шчыры спектакль пра людзей і для людзей – амаль на мяжы з рэальнасцю, таму мы ўпершыню звяртаемся да сваіх гледачоў са спадзяваннем на тое, што яны падзеляцца з намі сваімі гісторыямі, – кажа Раман Падаляка. – Нас цікавяць як самыя першыя ўспаміны пра сябе, так і падзеі, якія аказалі ўплыў на чалавека ў раннім дзяцінстве.
Усё тое, што засталося ў памяці: стасункі з бацькамі, дзіцячае каханне, першыя крыўды і здрады, святы, вясёлыя выпадкі. Мы паспрабуем даследаваць менавіта такія моманты, бо, каб зразумець тую матрыцу, з якой складаецца чалавек, трэба вярнуцца ў яго дзяцінства.
Я хачу трапіць у спектакль. Што трэба зрабіць?
Да 26 лістапада рэжысёр Раман Падаляка чакае вашых лістоў альбо аўдыя- ці відэазапісаў з расказам пра нейкі асаблівы момант са свайго дзяцінства па адрасе raman.ramuald@gmail.com. Звярніце ўвагу: каманда тэатра пакідае за сабой права рэдагаваць і перакладаць гісторыі гледачоў.
Аўтары адабраных для спектакля работ атрымаюць запрашэнні на прэм’ерныя паказы ў студзені 2020 года.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.