Культурны цэнтр “Корпус” аб’явіў экалагічны #cultSOS: калі ў вас ёсць непатрэбныя кветкі, пішыце ў цэнтр – іх забяруць і будуць клапаціцца пра іх.
Што гэта за ініцыятыва і для чаго яна?
– #cultSOS – гэта хэштэг, які мы выкарыстоўваем, калі нешта шукаем і спадзяёмся на дапамогу нашай супольнасці, – расказалі CityDog.by у “Корпусе”. – Часцей за ўсё ў людзей знаходзяцца рэчы, якімі яны не карыстаюцца, а нам вельмі патрэбны.
Такая практыка дазваляе эканоміць сродкі, наладжваць сяброўскія сувязі і захоўваць навакольнае асяроддзе.
А навошта ім патрэбны кветкі?
Экалагічны #cultSOS – гэта гісторыя пра пошук раслін для “Корпуса”. У цэнтры ўжо некалькі разоў ратавалі кветкі, якія знаходзіліся ў жаласным стане. Калі раней іх не даглядалі, то цяпер яны ў “Корпусе” і з імі ўсё ў парадку.
– Нядаўна мы зразумелі, што можам даць прытулак значна большай колькасці кветак, каб у культ.цэнтры стала яшчэ ўтульней. Нам ужо напісалі 13 чалавек, у якіх ёсць самыя розныя расліны – ад саджанцаў да двухметровых фікусаў.
У кагосьці яны займаюць занадта шмат месца дома, а хтосьці не можа надаваць ім час. Ідэальнае выйсце – аддаць іх у “Корпус”, дзе ёсць прыстойная колькасць прасторы і пастаянны догляд. Неўзабаве мы будзем ездзіць па ўсім Мінску і перавозіць расліны ў іх новы дом.
І яшчэ…
Калі вы ведаеце, дзе знаходзяцца расліны ў кепскім стане, – з “Корпуса” таксама гатовы прыехаць і выратаваць іх. Асабліва будуць рады буйнагабарытным відам.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.