Беларуская група Naviband аб’явіла ўчора, 16 снежня, што ў гэтым годзе падрыхтавала спецыяльную святочную праграму. Калядны канцэрт адбудзецца 29 снежня (панядзелак) ў самым цэнтры Варшавы – у касцёле святога Аляксандра.
Музыкі запрасілі слухачоў на адмысловы калядны канцэрт і адзначылі, што такога фармату ў іх яшчэ не было.
Паводле слоў гурта, у касцёле святога Аляксандра прагучыць спецыяльная праграма: калядныя песні, а таксама аўтарскія кампазіцыі Naviband. Яны падкрэслілі, што падрыхтавалі гэты канцэрт як асаблівую святочную падзею, і запрашаюць усіх далучыцца.
Важна: ёсць усяго 200 месцаў. Купіць білеты можна тут.
Што гэта за гурт?
Гурт NaviBand прадстаўляў Беларусь на конкурсе «Еўрабачанне-2017» з песняй «Гісторыя майго жыцця». Музыкі сталі першымі ўдзельнікамі ў гісторыі конкурсу, якія выканалі песню на беларускай мове. З ёю яны дайшлі да фіналу і занялі 17-е месца.

NaviBand на конкурсе «Еўрабачанне-2017». Фота: Eurostory.nl.
Пры гэтым у кастрычніку Міністэрства інфармацыі абнавіла спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і ўнесла туды старонкі NaviBand у Facebook і Instagram, а таксама акаўнт салісткі Ксеніі Жук. Рашэнне аб прызнанні рэсурсаў «экстрэмісцкімі» прыняў суд Докшыцкага раёна 9 кастрычніка.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.















