Мастак-самавук Артур Басак, аўтар артбука з ілюстрацыямі нячысцікаў, выклаў у вольны доступ лічбавую PDF-версію першай часткі сваёй кнігі.
«Выкладаю ў вольны доступ лічбавую PDF-версію першай часткі нячысцікаў – “Беларускія нячысцікі: Лясныя”, 2022 г. Спампоўвайце бясплатна, чытайце, разглядайце, дзяліцеся з сябрамі, чакайце наступную частку», – напісаў у сваім тэлеграм-канале аўтар.
Калі памятаеце, папяровая версія артбука з ілюстрацыямі нячысцікаў Артура Басака і неверагоднымі тэкстамі да іх беларускай пісьменніцы Аліны Длатоўскай выйшла ў выдавецтве «Тэхналогія». Яна і зараз даволі паспяхова прадаецца ў беларускіх кнігарнях і на сайце выдавецтва.
Артур Басак – мастак-самавук, ілюстратар, праграміст і UI-інжынер, які натхняецца беларускiм фальклорам ды народнай дэманалогіяй i стварае вобразы вядомых нячысцікаў з паданняў, міфаў, беларускіх легенд і казак. Працуе ў лічбавым фармаце. Яго малюнкі жыўцом можна пабачыць у Музеі Міфалогіі Бярэзінскага запаведніка, Лідскім замку, а таксама анлайн у Instagram-акаўнце.
Дарэчы, Артур пару гадоў таму даваў CityDog.io інтэрв’ю, дзе расказваў, якія нячысцікі самыя папулярныя.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фото: Tn.by.