Ініцыятыва Maldzis набыла карту Вялікага Княства Літоўскага, выдадзеную ў 1631 годзе ў Амстэрдаме. Гэта адна з першых карт, надрукаваных у вядомым атласе картографа Вілема Блау.
Як пішуць удзельнікі ініцыятывы на сваім сайце, на гэтай карце можна ўбачыць землі ВКЛ да Люблінскай уніі 1569 года, а таксама частку тэрыторый суседніх краін. Яна была створана па заказе князя Мікалая Крыштафа Радзівіла (Сіроткі) і лічыцца першым навуковым картаграфічным адлюстраваннем гэтага рэгіёна. Тут адзначана больш за тысячу населеных пунктаў, у тым ліку 300 сучасных беларускіх гарадоў і вёсак.
Карту набылі дзякуючы ахвяраванням Сяргея Казлоўскага, Ганны Буглаковай, Уладзіміра Гарлача і Дзмітрыя Падалінскага. У будучыні яе перададуць у Нясвіжскі палац, але спачатку яна будзе прадстаўлена на розных мерапрыемствах.
Што гэта за ініцыятыва?
Ініцыятыва Maldzis займаецца пошукам і вяртаннем гістарычных каштоўнасцей Беларусі. Раней яна набыла перавыданне Трэцяга Статута ВКЛ 1693 года. Цяпер ініцыятыва працягвае даследаваць, шукаць і выкупляць старадаўнія артэфакты.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: Maldzis.world.