У фірмовай краме «Камунаркі» на вуліцы Чырвонай пакупніку пагражалі аховай за тое, што ён размаўляе па-беларуску, расказаў Арамаіс Міракян у Facebook.
Што адбылося ў «Камунарцы»?
Сваёй гісторыяй Арамаіс Міракян падзяліўся на старонцы ў Facebook.
«Падыходжу, спытваю: гарбата фруктовая ёсць?
– Говорите по русски, у нас два государственных языка.
– Я з вамі не па кітайску і не па чэску, а на адной з дзяржаўных моваў.
– Я сейчас вызову охрану (!!!)
– Дайце кнігу скаргаў і паклічце адміністрацыю.
Адміністратарка вельмі выбачалася. Я заўжды слупянею ад хамства, але ліст кіраўніцтву “Камунаркі” я накірую абавязкова».
А што кажуць у краме?
Адміністратарка крамы расказала СМІ сваю версію тых падзей. Па яе словах, прадавачка не зразумела заказ пакупніка і папрасіла яго патлумачыць.
– Яе засмуціла слова «гарбата», – расказала адміністратарка. – Я казала персаналу: вы ж ужо вывучыце «гарбату» і «каву»! Але яна неяк разгубілася.
Потым падышла я, спытала, чым магу дапамагчы. Абслужыла яго вельмі ветліва. Спытала, можа, цукар патрэбны, размаўляла з ім на беларускай мове. Словы прадавачкі пра ахову я не чула. Падышла, калі ўжо пакупнік патрабаваў кнігу скаргаў.
У фірмовай краме дадаюць, што пасля Арамаіс з двума сябрамі засталіся ў кавярні, сядзелі там тры гадзіны, гучна размаўлялі і мацюкаліся – так, што пастаянная пакупніца падышла да іх і зрабіла заўвагу, а супрацоўнікам кавярні параіла вызваць ахову.
Арамаіс здарэння не адмаўляе, але ўдакладняе: ахову касірка хацела выклікаць менавіта праз беларускую мову.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.