Напярэдадні Міжнароднага дня салідарнасці жанчын паслы, кіраўнікі прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый у Беларусі і бізнес-лідары запрашаюць беларускіх жанчын на бліц-стажыроўкі #ЦеньНаДзень.
Стажыроўкі #ЦеньНаДзень – што гэта?
Стажыроўкі #ЦеньНаДзень (ад англійскага job shadowing, дзе job – «праца» і shadow – «цень») упершыню прайшлі ў Беларусі ў 2019 годзе. Тады больш за 20 маладых беларусак правялі адзін дзень з кіраўнікамі замежных прадстаўніцтваў і бізнес-кампаній, атрымалі ўнікальны досвед і даведаліся, як працуюць міжнародныя арганізацыі.
Але ў беларусак таксама ёсць чаму навучыцца. Сёлета арганізатары мяняюць фармат стажыровак: цяпер жанчыны з усёй краіны запрашаюць паслоў стаць сваім ценем.
Хто падыходзіць пад патрабаванні ініцыятывы?
Любая жанчына старэйшая за 18 гадоў, якая хоча расказаць пра сваю справу і падзяліцца досведам з кіраўнікамі міжнародных арганізацый. Прафесія не мае значэння – падыходзіць любы занятак, дзе вы дасягнулі поспехаў і можаце выступаць у якасці настаўніцы.
«Вы можаце быць менеджаркай па продажах у кампаніі, кіраўніцай вышэйшага звяна, працаваць у школе, на заводзе альбо ферме, – пішуць аўтары ініцыятывы. – Вы можаце займацца спортам ці рамяством, захапляцца навукай ці пісаць кнігі, збіраць ягады або маляваць карціны».
Удзел у ініцыятыве для вас – гэта выдатная магчымасць пагутарыць з прафесіяналамі ў галіне кіравання і захопленымі сваёй справай людзьмі, прыцягнуць увагу да сваёй дзейнасці, даведацца пра міжнародны досвед, падзяліцца выклiкамi і рашэннямі, якія могуць стаць асновай для далейшых сур’ёзных праектаў.
Як узяць удзел у праекце?
Падаць заяўку можна да 25 лютага да 23:59. Для гэтага трэба запоўніць форму і чакаць адказу арганізатараў.
Стажыроўкі пройдуць у сакавіку і красавіку.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.