Новости За день
CityDog.io

У Варшаве тры месяцы будуць паказваць беларускія спектаклі

У Варшаве тры месяцы будуць паказваць беларускія спектаклі
Новая прадзюсарская ініцыятыва INEXKULT запускае тэатральны фестываль для беларусаў і ўсіх тых, хто цікавіцца беларускай культурай. «INEX ФЭСТ» расцягнецца на тры летнія месяцы і пакажа дзесяць выдатных прадукцый беларускіх каманд.

Новая прадзюсарская ініцыятыва INEXKULT запускае тэатральны фестываль для беларусаў і ўсіх тых, хто цікавіцца беларускай культурай. «INEX ФЭСТ» расцягнецца на тры летнія месяцы і пакажа дзесяць выдатных прадукцый беларускіх каманд.

Асаблівасць фэсту ў тым, што ёсць магчымасць набыць абанемент на ўсе паказы адразу. Бонусам да набытага абанемента стануць запрашальныя білеты на летнія прэм’еры-неспадзяванкі – ад Юры Дзівакова ці ад Аляксанда Гарцуева. Што канкрэтна гэта будзе, аўтары пакуль не разгалошваюць.

Што будуць паказваць?

12, 13 чэрвеня. «Шэпт», рэжысёр – Раман Падаляка (Беларусь). Гэта спроба даследаваць і адчуць традыцыю лекавання словам, якая знікае ў Беларусі разам з апошнімі носьбіткамі. Спектакль паўстаў на аснове аднайменнай кнігі фатографа-дакументаліста Сяргея Лескеця, яго слядамі мы выпраўляемся ў падарожжа да «людзей прасторы міфа».

13, 14 ліпеня. «Камедыя ЮДЗІФІ», рэжысёр Павел Пасіні (Польшча). Новая інтэрпрэтацыя біблейскай гісторыі, якая цягам стагоддзяў неаднаразова прыцягвала ўвагу мастакоў, кампазітараў і паэтаў. Спроба асэнсаваць жыццё і ўчынкі Юдзіфі з сённяшняга пункту гледжання, зразумець не толькі рэлігійныя, але і псіхалагічныя матывы паводзін біблейскіх герояў, спроба вытлумачыць іх гісторыю як універсальную прытчу аб сутыкненні лёсаў чалавека з няўмольным рухавіком гісторыі.

20 ліпеня. «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча», рэжысёрка – Паліна Дабравольская (Беларусь). Міжнародны праект з актрысамі з Беларусі, Польшчы і Украіны (на польскай мове), якія ствараюць жаночы спеў праз маналогі ў жывым музычным суправаджэнні. Спектакль пра эміграцыю, пошук сябе і захаванне ўнутранай хатняй хіміі. Пра пошук бяспечнай прасторы, яе будову і нараджэнне. Пра жанчыну, яе прыроду, жаданне схавацца і быць адкрытай, значнасць быцця разам.

29 ліпеня. «Беспрацоўнае дрэва», рэжысёрка – Святлана Бень (Беларусь). Гісторыя дрэва, якое вымушана пакінуць парк, дзе ўсё сваё жыццё прапрацавала... дрэвам. Яго чакае дарога, поўная прыгод, цудоўных, небяспечных, а часам абсалютна нечаканых. Гэта гісторыя пра тое, што кожны можа дапамагчы іншым, знайсці сяброў і сваю важную справу. Нават калі ты пазбаўлены дома і звычайнага ладу жыцця.

18, 19 жніўня. «Гусі-людзі-лебeдзі», рэжысёр – Аляксандр Гарцуеў (Беларусь). Гэта антыўтапічны і фантасмагарычны погляд на будучыню Беларусі на падставе адной з частак магутнага рамана Альгерда Бахарэвіча. Як далей складзецца лёс краіны? Вымалёўваецца сумная карціна: поўнай дэградацыі падлягаюць мова, культура, мараль, тэхналогіі. Няма больш на гэтых землях такога паняцця, як Беларусь.

19 жніўня. «рЭвалюцыя Зайца», рэжысёр – Юра Дзівакоў (Беларусь). Гэта інтэрактыўны тэатральны праект мастачкі, сцэнографкі і педагога Таццяны Дзіваковай, які складаецца з выставы, тэатральнай пастаноўкі і майстар-класаў, дзе ўдзельнікі зробяць свайго казачнага персанажа. Прыгоды жывёл стануць падставай для размоў пра нашы эмоцыі, патрэбы і шчырае сяброўства.

25 жніўня. SarmaTY/JA, рэжысёрка Паліна Дабравольская (Беларусь). Гэта музычны монаспектакль, які спалучае народную музыку з хіп-хопам. Трагічная гісторыя пра немагчымасць ўкараніцца на чужой зямлі паводле паэмы Марыі Мартысевіч. Гісторыя кахання і смерці. Цёмная, пульсуючая рытмам, пачуццёвая.

Білеты на ўсе мерапрыемствы фестывалю даступныя па спасылцы.

 

Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Фото: . Видео: .

#Польша
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: cd.afisha@gmail.com
Реклама: manager@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter