Выдавецтва «Янушкевіч» анансавала выхад беларускага выдання кнігі Дж. К. Роўлінг «Гары Потэр і таемная зала» (Harry Potter and The Chamber of Secrets). Старт продажаў – 26 верасня ў Доме кнігі «Светач».
Што за вокладка ў другога беларускамоўнага «Гары Потэра»?
Вокладку для кнігі, як і ў мінулы раз, намаляваў вядомы амерыканскі мастак Браян Сэлзнік. Беларуская серыя кніг пра хлопчыка-які-выжыў мае калекцыйны характар: калі пакласці дзве кнігі побач, вы ўбачыце, што выява на вокладцы «Таемнай залы» – гэта працяг выявы на першай кнізе.
– Гэта вокладка мае сваю магію, – казалі ў выдавецтве пра працу мастака над першай кнігай. – Сэлзнік здолеў цудоўна перадаць свет Гары Потэра ў чорна-белай гаме, вытрыманай у стылістыцы сярэдневяковых гравюр. Мы свядома адышлі ад дзіцячага, «мульцяшнага» вобразу вокладкі, аддаўшы перавагу выяве, якая будзе пасаваць густам як дзяцей, так і дарослага пакалення.
Хто пераклаў кнігу?
Серыя кніг Дж. К. Роўлінг пра Гары Потэра перакладзена на больш як 80 моў, і сярод іх – беларуская. Выданне «Гары Потэр і таемная зала» выходзіць у перакладзе Алены Пятровіч. Яна ж працавала над тэкстам кнігі «Гары Потэр і філасофскі камень».
Пра пераклад Гары Потэра і не толькі: «У адной з кніг Хагрыд расказвае пра свае прыгоды ў Мінску». Дзякуючы гэтай дзяўчыне бестсэлеры пра Гары Потэра перакладзены на нашу мову
Калі і дзе можна набыць?
Старт продажаў – 26 верасня ў Доме кнігі «Светач» (Мінск, пр-т Пераможцаў, 11). У выдавецтве абяцаюць самую выгадную цану на кнігу, а таксама конкурсы, фотазоны, сустрэчы з цікавымі людзьмі.
Праз два тыдні на сайце januskevic.by будзе адкрыты папярэдні заказ на кнігу. Магчыма, прапановай варта скарыстацца: калі памятаеце, CityDog.by пісаў, што палову тыража кнігі «Гары Потэр і філасофскі камень» набылі за два тыдні.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Фото: Выдавецтва «Янушкевіч», «Белкнига».