Выдавецтва «Янушкевіч» прадставіла вокладку беларускага выдання кнігі «Гары Потэр і філасофскі камень» у перакладзе Алены Пятровіч. Старт продажаў кнігі – 14 снежня.
Як выглядае беларускамоўнае выданне Гары Потэра?
Вокладку да беларускага выдання зрабіў вядомы амерыканскі мастак Браян Сэлзнік. Ён распрацаваў і новае серыйнае афармленне да 20-годдзя выхаду першай кнігі пра хлопчыка-які-выжыў.
– Гэта вокладка мае сваю магію, – мяркуюць у выдавецтве. – Сэлзнік здолеў цудоўна перадаць свет Гары Потэра ў чорна-белай гаме, вытрыманай у стылістыцы сярэдневяковых гравюр. Мы свядома адышлі ад дзіцячага, «мульцяшнага» вобразу вокладкі, аддаўшы перавагу выяве, якая будзе пасаваць густам як дзяцей, так і дарослага пакалення.
Калі і дзе можна набыць?
Старт продажаў пачнецца а 11-й гадзіне 14 снежня ў кнігарні «Светач» (пр-т Пераможцаў, 11). Прадстаўнікі выдавецтва «Янушкевіч» абяцаюць першым пакупнікам цікавую і насычаную праграму.
Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: выдавецтва «Янушкевіч».