Што?! За 200 рублёў вы можаце схадзіць на гарбату са Святланай Алексіевіч

Што?! За 200 рублёў вы можаце схадзіць на гарбату са Святланай Алексіевіч
Святлана Алексіевіч, Віталь Гуркоў і гурт NIZKIZ разам з сямейным інклюзіў-тэатрам «і» ды Купалаўскім тэатрам збіраюць грошы на платформе Ulej.by, каб дзеці з аўтызмам выступілі на галоўнай тэатральнай сцэне краіны.

Святлана Алексіевіч, Віталь Гуркоў і гурт NIZKIZ разам з сямейным інклюзіў-тэатрам «і» ды Купалаўскім тэатрам збіраюць грошы на платформе Ulej.by, каб дзеці з аўтызмам выступілі на галоўнай тэатральнай сцэне краіны.

Што трэба ведаць пра сямейны інклюзіў-тэатр «і»

Сямейны інклюзіў-тэатр «і» дапамагае дзецям з аўтызмам сацыялізавацца і развівацца праз творчасць. Першы спектакль тэатра прэзентавалі ў 2016 годзе, аднак уласнай пляцоўкі для выступаў і рэпетыцый калектыў пакуль не мае.

«Каб нарэшце юныя артысты адчулі смак пастаноўкі на сапраўднай тэатральнай сцэне – больш за тое, на адной з галоўных сцэн Беларусі, – створаны гэты краўдфандынг», – пішуць арганізатары збору сродкаў.

Пра што спектакль?

У аснове 3D-спектакля «Аднойчы ў вялізным горадзе» – апавяданні Ф. М. Дастаеўскага. Твор расказвае пра хлопчыка, які страціў сваю сям’ю і застаўся ў горадзе зусім адзін, але цудам трапіў на чароўную анёльскую елку, дзе знайшоў надзею на лепшую будучыню.

П’еса разлічана ў першую чаргу на дарослага гледача, аднак будзе зразумелай і дзецям.

Якія лоты прапануюць арганізатары? 

Акрамя задавальнення ад удзелу ў добрай справе, арганізатары краўдфандынгу прапануюць цікавыя лоты.

200 рублёў каштуе запрашэнне ў ВІП-ложу побач са Святланай Алексіевіч, а таксама сумеснае чаяванне з пісьменніцай у буфеце Купалаўскага пасля спектакля.

100 рублёў прынясуць вам два білеты на канцэрт гурта NIZKIZ 15 лютага ў Falcon Club Arena.

50 рублёў – і можна пайсці на трэніроўку па муай-тай ад 12-разовага чэмпіёна свету і саліста гурта BRUTTO Віталя Гуркова.

За ахвяраванні ў памеры ад 7 рублёў вам прапануюць запрашэнні на спектакль «Аднойчы ў вялізным горадзе».

Калі адбудзецца спектакль?

Спектакль пакажуць на галоўнай сцэне Купалаўскага тэатра 29 лютага ў 11:30.

Каб выступленне адбылося, арганізатары павінны сабраць 2000 рублёў. На момант стварэння матэрыялу сабраны 722 рублі – 36% ад усёй сумы.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: ulej.by.

поделиться