Блогерка @zabiziapu наведала сталовую з самым нізкім і сталовую з самым высокім рэйтынгам у Мінску. Яна хацела зразумець, дзе сапраўды смачней і ці адпавядаюць ацэнкі чаканням.
Блогерка расказала, што пачала з установы, якой паставілі ўсяго дзве зоркі: сталовай ГУМа. Па яе словах, выбар страў там сярэдні, але вельмі прыемны персанал – гэта асобны плюс.


Агляд сталовых. Скрыншоты: @zabiziapu, Instagram.com.
У ГУМе яна ўзяла боршч і філе з пюрэ. Увесь абед абышоўся ў 13,53 руб. На смак стравы аказаліся звычайнымі: блогерцы не хапіла солі і агульнай насычанасці. «Эфекту ваў не было, але вайб у такіх месцах заўсёды асаблівы», – кажа яна. У выніку яна ацаніла сталовую на цвёрдыя «тры з плюсам». Адзіны мінус – яе складана знайсці, бо яна працуе на чацвёртым паверсе.
Пасля гэтага дзяўчына пайшла ў сталовую №12, якая мае самы высокі рэйтынг. Тут яе прыемна здзівілі і інтэр’ер, і чысціня, асабліва пры вялікім патоку людзей. Абед абышоўся танней – 11,21 рубля. «На смак – усе пяць зорак», – кажа блогерка.
Праўда, ёсць нюанс: калі прыйсці пасля 14:00, палова страў можа быць ужо раскуплена, бо попыт вялікі.
У выніку блогерка кажа, што сталоўкі – гэта добры варыянт, калі трэба хутка і нядорага паесці. Але цяпер кошты ў многіх з іх амаль такія ж, як у абедзенных прапаноў у кафэ або рэстаранах.
Дарэчы, CityDog.io рабіў падборку пяці лепшых сталовак у Мінску паводле версіі карыстальнікаў Google. Там ёсць і «Сталоўка №12», і іншыя месцы, пра якія вы, магчыма, нават не ведалі.
Што думаюць беларусы?
«Сталоўкі тэма! Апруў!» – лічыць Шура.
«Першая сталоўка супер! Ва ўсякім выпадку пару год таму там было супер», – напісаў карыстальнік з нікам danechkooo_.
«Сталоўка “Генацвале”. Вельмі часта яе наведваю, калі ў Менску бываю. Усё смачна, на мой густ», – падзяліўся карыстальнік з нікам pomniki_starie_darogi_belarus.
«У ГЦ “Еўропа” на першым паверсе добрая сталовая. А ў сталовую ГУМа файна хадзіць дзеля выгляду з акна на выхадзе» – напісаў spakusy.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.















