Карыстальніца Threads з нікам dabranac.band апублікавала серыю калядных цацак, створаных з дапамогай штучнага інтэлекту. На карцінках – ёлачныя ўпрыгажэнні ў выглядзе самых вядомых беларускіх сімвалаў і мясцін.
Дзяўчына прапанавала падпісчыкам уявіць, як магла б выглядаць Беларусь, калі б яе можна было павесіць на навагоднюю ёлку.


Цацкі, зробленыя з дапамогай нейрасеткі. Фота: dabranac.band, Threads.com.
Для стварэння малюнкаў мастачка выкарыстоўвала штучны інтэлект. У выніку атрымаліся дэталізаваныя цацкі ў форме бусла, Мірскага замка і ўпакоўкі тварожнага сырка «Мі-Шу!», будынак Камароўскага рынку, кнігі Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха», Нацыянальнага тэатра оперы і балета, талеркі дранікаў, вожыка і нават гурта «Песняры».




Дарэчы, крама каляднага дэкору «Калядная крама» прадставіла новую калекцыю ёлачных шароў. Сярод іх – цацкі з партрэтамі вядомых беларускіх пісьменнікаў і святочныя шары з нацыянальнымі арнаментамі. Напрыклад, у продажы з’явіліся шары з выявамі Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і Якуба Коласа. Усе цацкі выкананы ў святочнай стылістыцы: на кожным шары – партрэт пісьменніка і тэматычныя элементы.
Аднак учора, 26 лістапада, у Мінску закрылі «Калядную краму» на Кальцова, 32, пасля таго як прапагандысты абвінавацілі яе ў «рэабілітацыі нацызму» з-за ёлачных цацак з партрэтам паэткі Ларысы Геніюш. На дзвярах крамы з’явілася аб’ява, што аб’ект апячатаны «па матэрыялах праверкі».
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.















