Кавярня Kakao. Białoruskie wypieki знаходзіцца ў раёне Ронда Вятрачна (Grochowska, 248). Яе адкрылі беларусы.
Вось што расказвае заснавальнік месца Яўген Скрабутан: «Мы прадаём хатнюю выпечку – тыя рэчы, да якіх прызвычаіўся наш чалавек на Радзіме: чатыры гатункі чорнага хлеба, булачкі з тварагом, аўсянае (і не толькі) печыва. Хлеб робім па традыцыйных рэцэптах на заквасцы з сумесі жытняй і пшанічнай цэльназернавой мукі. Таксама ў нас можна выпіць экагарбатак з рознымі смакамі, какавы і італьянскай лаваццы – да кавы маем шырокі выбар малака. З негарачых напояў – камбуча».
Ад пачатку планавалася, што кавярня будзе працаваць толькі ў фармаце навынас, але ўласнікі прыдумалі, як умясціць невялічкую стойку, і цяпер можна пагрэцца кавай і з’есці нешта смачнае на месцы.
Па словах Яўгена, выпечку ў кавярні робяць самастойна, але да каманды ўжо пачалі далучацца мясцовыя блогеры-кулінары родам з Беларусі, таму бліжэйшым часам наяўны асартымент будзе пашырацца.
Кавярня працуе без выхадных, але актуальныя гадзіны працы лепей правяраць у інсце або Картах Google, бо ўладальнікі яшчэ не вызначыліся, які час для кліентаў будзе найбольш зручным.
CityDog.io заўжды рады расказаць пра беларусаў, дзе б яны ні знаходзіліся. Калі вы нешта адкрываеце ў розных краінах свету, расказвайце нам, мы напішам пра вас бясплатна і з задавальненнем: Editor@citydog.io.