У інтэрнэт-прасторы даступны новы праект вэб-дызайнера Аляксея Чаранкевіча «Беларуская літаратура ў аўдыёкнігах». Гэта адмысловы сайт-навігатар па беларускамоўным аўдыёкнігам.
Навошта нашай інтэрнэт-прасторы такі навігатар?
Аляксей Чаранкевіч расказаў, што ідэя стварыць сайт-навігатар з’явілася пасля таго, як Міністэрства інфармацыі Беларусі змясціла ў адкрыты доступ больш за сотню аўдыёкніг на беларускай мове.
Аўдыёкнігі міністэрства мелі высокую якасць запісу і мастацкую вартасць, але слухаць іх было нязручна: файлы апублікавалі звычайнай папкай на Google Drive.
Спадар Чаранкевіч паспрабаваў крыху выправіць сітуацыю, каб беларусам стала прасцей шукаць патрэбныя кнігі. Так з’явіўся «партызанскі» навігатар па гэтых файлах.
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2019/10_october/31_19237/Screenshot 01.png)
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2019/10_october/31_19237/Screenshot 02.png)
Якія кнігі трапілі ў навігатар?
У выніку на сайт «Беларуская літаратура ў аўдыёкнігах» патрапілі не толькі аўдыёзапісы ад Міністэрства інфармацыі: у навігатар дадалі спасылкі на аўдыёкнігі з knihi.by і «Радыё Свабода». Там змясцілі кнігі, якія можна спампаваць у добрай якасці без рэгістрацый і смс.
– Дарэчы, мы не захоўваем у сябе файлы і не парушаем нічыіх правоў, – тлумачыць тэхнічныя моманты Аляксей Чаранкевіч. – Але праз гэта наш сайт не можа прапанаваць паўнавартасныя аўдыёкнігі з адмысловым афармленнем.
Сярод аўтараў ёсць як класікі беларускай літаратуры, так і сучасныя пісьменнікі – Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Пятро Васючэнка. Для праслухоўвання «Беларуская літаратура ў аўдыёкнігах» прапаноўвае нават народныя творы – казкі, легенды, беларускія летапісы.
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2019/10_october/31_19237/Screenshot 03.png)
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2019/10_october/31_19237/Screenshot 04.png)
Спіс кніг у навігатары будзе паступова папаўняцца.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.