Мінск можа стаць адзіным горадам СНД, дзе пакажуць легендарную экспазіцыю Яўрэйскага музея Лондана Amy Winehouse – A Family Portrait. Але адбудзецца гэта толькі ў тым выпадку, калі праект збярэ патрэбную суму на краўдфандынгавай пляцоўцы Ulej.
Кампанія па зборы сродкаў на арганізацыю выставы Amy Winehouse – A Family Portrait (“Эмі Уайнхаўс: Сямейны партрэт”) стартавала 29 красавіка. Праект прысвечаны жыццю і паходжанню культавай спявачкі, сям’я якой тры пакаленні назад з’ехала з Беларусі.
Краўдфандынгавая кампанія разлічана на месяц. Калі ў арганізатараў атрымаецца сабраць неабходную суму, то выстава прыедзе ў Мінск ужо ў чэрвені. І чакаецца, што на яе адкрыццё прыедзе брат Эмі Алекс і іншыя члены сям’і. Гэта будзе іх першы візіт у краіну, дзе калісьці жылі іх продкі.
Чаму гэта выстава такая цікавая?
Эмі Уайнхаўс – шасціразовая ўладальніца прэміі “Грэмі”, адна з самых яркіх асоб пачатку стагоддзя. У 2011 годзе спявачка памерла ва ўзросце 27 гадоў.
Многія фанаты нават не падазраюць аб паходжанні яе сям’і. У канцы XIX стагоддзя прапрадзед Эмі разам з сям’ёй эмігрыраваў з Мінска ў Лондан і больш ніколі не вяртаўся на радзіму.
“Amy Winehouse – A Family Portrait – гэта кранальная і вельмі асабістая гісторыя, якая раскрывае ўнутраны свет Эмі Уайнхаус і распавядае пра падзеі, якія паўплывалі на фарміраванне яе асобы і кар’еры, пра культурную спадчыну яе сям’і. Упершыню экспазіцыя была прадстаўлена ў Яўрэйскім музеі Лондана ў 2013 годзе, а пазней з поспехам выстаўлялася ў Сан-Францыска, Вене, Тэль-Авіве, Амстэрдаме, Мельбурне і іншых гарадах свету”.
А якія лоты прапаноўваюць за падтрымку праекта?
Зараз краўдкампанія на Ulej прапануе ўсяго адзін лот – білет на выставу за 10 рублёў. Каб сабраць неабходную суму, арганізатарам трэба рэалізаваць 2000 білетаў на працягу 30 дзён. Падтрымаць кампанію можна па спасылцы.
Мінск стане апошнім горадам свету, дзе пакажуць Amy Winehouse – A Family Portrait. Пасля заканчэння выставы яе расфарміруюць і вернуць экспанаты сям’і Эмі і іншым уладальнікам.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.