Беларусы запусцілі YouTube-канал для школьнікаў, настаўнікаў і бацькоў, дзе весела і стылёва, а галоўнае – на роднай мове ствараюць відэаўрокі па гісторыі Беларусі. Каманда праекта пачала з 6-га класа, але ў планах відэа і для іншых класаў, а таксама гульні і цікавыя факты пра Беларусь.
У каментарыі CityDog.io стваральнікі YouTube-канала расказалі, што галоўная мэта праекта – гэта «вывучаць гісторыю Беларусі па-беларуску, як бы гэта дзіўна ні гучала».
«Пасля пэўных падзей шмат сем’яў расцерушыла з родных гнёздаў па свеце. Часта дзеткі не маюць магчымасці вывучаць гісторыю Беларусі ў тых школах, дзе яны апынуліся. А ведаць сваю гісторыю, мы лічым, фундаментальна важна для сваёй адметнасці і ідэнтычнасці. Таму мы з сябрамі-аднадумцамі сабраліся і вырашылі рабіць гістарычны праект на роднай мове, які будзе месціцца на YouTube», – дзеляцца аўтары.
Па словах каманды, мэтавая аўдыторыя праекта – у першую чаргу дзеткі, якія апынуліся па-за межамі краіны і не маюць належнай магчымасці вывучаць гісторыю Беларусі. Але аўтары відэаўрокаў спадзяюцца, што і вучням у беларускіх школах будзе цікава далучыцца.
«Хочам дагрукацца і да настаўнікаў, якія працуюць у школах. Верым у тое, што наш унёсак дапаможа ім разнастаіць іх выкладанне матэрыялу», – спадзяюцца аўтары YouTube-канала.
Далучыцца да праекта можна ў Instagram і на YouTube, тым больш што каманда вельмі чакае зваротнай сувязі, прапаноў і водгукаў: «Хто ведае і паважае гісторыю, мае будучыню. Таму, як той казаў, палец уверх, цісні званочак і не забывайся падпісацца на нашу старонку. І шчасця вам будзе ад мора да мора».
Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.