Паглядзіце, якія лавачкі ад кампанii А1 з’явяцца ў Мінску

Паглядзіце, якія лавачкі ад кампанii А1 з’явяцца ў Мінску
Ужо гэтай вясной у Мінску і абласных цэнтрах Беларусі з’явіцца серыя арт-інсталяцый: у межах ініцыятывы «Веліч роднай мовы» на вуліцах усталююць наборы інтэрактыўных скульптур, якія разам утвараюць слова «МОВА».

Ужо гэтай вясной у Мінску і абласных цэнтрах Беларусі з’явіцца серыя арт-інсталяцый: у межах ініцыятывы «Веліч роднай мовы» на вуліцах усталююць наборы інтэрактыўных скульптур, якія разам утвараюць слова «МОВА».

Што трэба ведаць пра інсталяцыі «МОВА»?

Фактычна інсталяцыі – гэта вулічная мэбля, вырабленая з дрэва і металу. Аўтар арт-аб’ектаў – вядомы беларускі скульптар Павел Вайніцкі. Па яго задуме, «МОВА» служыць месцам камунікацыі, дзе людзі могуць сустракацца і сядзець на скульптурных літарах.

Ідэя праекта заснавана на канцэпцыі нацыянальных колеравых упадабанняў, якую распрацаваў дызайнер, мастак і паэт Міхал Анемпадыстаў у кнізе «Колер Беларусі», а таксама на даследаваннях беларускага этнографа Міхаіла Раманюка, які рэканструяваў колеры традыцыйных народных строяў розных рэгіёнаў Беларусі.

– Чорны і чырвоны – базавыя колеры кожнага з арт-аб’ектаў, і яны будуць выкарыстоўвацца ва ўсіх гарадах, – расказаў Павел Вайніцкі. – Астатнія адценні абсалютна розныя – яны падкрэсліваюць адметнасці кожнага рэгіёну.

Усе колеры выбраны невыпадкова – пры распрацоўцы іх спалучэнняў улічвалася мноства ўнікальных мясцовых асаблівасцей, напрыклад прыродных: зелень паркаў Гомельшчыны, шэрань палескіх балот, блакіт азёр Віцебшчыны і гэтак далей.

А вось і рэндэры арт-аб’ектаў

Брэст

Спалучэнне зялёнага, розных адценняў сіняга, чырвонага і чорнага на перасячэнні вуліцы Савецкай і набярэжнай Францыска Скарыны.

Віцебск

Колеры, характэрныя для творчага аб’яднання УНОВІС, з’явяцца перад мостам 1000-годдзя.

Гродна

Савецкая плошча – жоўты, розныя адценні сіняга, чырвонага і чорнага колераў.

Гомель

На вуліцы Кірава ўсталююць кампазіцыю з блакітнай, жоўтай, шэрай, чырвонай і чорнай літар.

Магілёў

Зялёныя, блакітныя, жоўтыя, чырвоныя і чорныя літары на Траецкай набярэжнай.

А што ў Мінску?

Паколькі Мінск – геаграфічны, сацыяльны і культурны цэнтр краіны, дзе перамяшаны асаблівасці ўсіх рэгіёнаў, тут з’явяцца ўсе асноўныя колеры, якія характарызуюць нашу краіну: сіні, зялёны, жоўты, чырвоны і чорны.

Месца размяшчэння інсталяцыі ў сталіцы яшчэ ўдакладняецца.

 

Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

поделиться