«Арт Сядзіба» і KROK FILMS стварылі відэапраект «1937–2020. Вечныя вершы», дзе тры сучасныя паэты прачыталі вершы трох літаратараў, расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.
Паэты чытаюць вершы расстраляных паэтаў: відэа
«Арт Сядзіба» і KROK FILMS стварылі відэапраект «Вечныя вершы», каб нагадаць пра страшную трагедыю: 83 гады таму ў сутарэннях мінскай «амерыканкі» было расстраляна больш за 100 прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты БССР – літаратары, дзяржаўныя дзеячы і навукоўцы.
«Сотні сэрцаў перасталі біцца ў адну ноч. Сотні мараў не спраўдзіліся. Адна вера і надзея на ўсіх жыве і будзе жыць – вольная шчаслівая Беларусь», – пішуць стваральнікі праекта.
Вершы трох рэпрэсаваных паэтаў – Алеся Дудара, Зямы Піваварава, Тодара Кляшторнага –чытаюць Ганна Севярынец, Віталь Рыжкоў, Уладзь Лянкевіч.
Відэазапісы з новымі вершамі Ганны Севярынец, Віталя Рыжкова, Уладзя Лянкевіча ды не толькі можна глядзець на YouTube-канале YOUBEL TV.
Хто такія Алесь Дудар, Зяма Півавараў і Тодар Кляшторны?
Алесь Дудар – «калючы, але пры гэтым нязмушаны, вясёлы чалавек, якога немагчыма было прынізіць». Яго адлічылі з БДУ за творчасць, а пасля расстралялі за вершы. Усяго на працягу чатырох гадоў ён выдаў пяць зборнікаў вершаў і дзве паэмы, пераклаў на беларускую мову сусветна вядомыя творы: «Анегіна», «Фаўста», «Жаніцьбу Фігара» і шмат яшчэ.
Зяма Півавараў – «качагар, які стаў паэтам, за што і страціў жыццё». У дваццаць чатыры гады ён скончыў універсітэт, працаваў у «Чырвонай змене», друкаваўся ў ленінградскіх часопісах і альманахах, ён аўтар зборніка вершаў «Лірыка двух нараджэнняў», быў вядомым тэатральным і кінакрытыкам.
Тодар Кляшторны – «з капной густых, саламяна-светлых валасоў на галаве, з блакітнымі, пад колер васількоў, вачыма, ён быў заўсёды неяк па-асабліваму сумны, нейкім смуткам веяла ад яго. Каля ягоных тонкіх бледных губ рана леглі складкі горычы. Ён рэдка смяяўся, і ягоная ўсмешка таксама была заўсёды сумнай».
Тодар – пісьменнік, які мог прынесці ў беларускую паэзію сотні песімістычна-рамантычных вершаў, якімі б мы зачытваліся дагэтуль. Калі б яго не расстралялі. Нават за свае трыццаць чатыры гады паспеў выдаць чатыры зборнікі вершаў, безліч паэм і апавяданняў.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Видео: YOUBEL TV.