Партал 115.бел абновіцца: у яго пашырыцца фармат, а назва зменіцца на “Мая рэспублiка”. Пра гэта БЕЛТА расказала кіраўніца аддзела маркетынгу прадпрыемства Аксана Галавацкая.
– Першапачаткова праект “Мой горад 115.бел” ахопліваў толькі Мінск, але на працягу 2018 года распаўсюдзіўся на ўсю Беларусь. Мы абнавілі інтэрфейс, аб’ядналі два каналы атрымання інфармацыі (службу 115 і сайт), стварыўшы адзіную дыспетчарскую сістэму. Партал атрымаў назву “Мая Рэспублiка”, – патлумачыла Аксана Галавацкая.
А яшчэ распрацавана мабільная праграма для карыстальнікаў ЖКГ, праз якую можна атрымліваць паведамленні па розных пытаннях, напрыклад па графіку ўключэння і адключэння гарачай вады, выкананні заявак прадпрыемствамі ЖКГ.
У жыхароў з’явіцца магчымасць фарміраваць спіс выбраных адрасоў, уключаючы ў яго некалькі дамоў, накіроўваць заяўку з прывязкай кропкі на карце. Будуць даступны аналітычныя даныя, напрыклад па тэматыцы запытаў.
Па словах Аксаны Галавацкай, змены ўнесены з улікам меркавання грамадзян. Чакаецца, што новаўвядзенні ўкараняць да канца года.
Партал наогул дапамагае?
Так. Напрыклад, праз 115.бел у студзені людзі папрасілі прыбраць снег у Маладзечна. І ім прыйшоў адказ: “Праведзена ўборка снега”. Праўда, адказ прыйшоў у красавіку. Але ніхто і не ўдакладняў, хто менавіта прыбіраў снег.
А вам калі-небудзь дапамагаў 115.бел? Раскажыце ў каментарах!