1 красавіка ў анлайн-кінатэатры беларускага кіно VODBLISK з’явіцца фільм Юлі Шатун «Межы». Гэта ўжо другі беларускі фільм, які стане даступным на платформе.
Хто гэта – Юля Шатун?
Беларуская рэжысёрка Юля Шатун стала для многіх сапраўдным кінаадкрыццём 2017 года. Поўнаметражны дэбютны фільм рэжысёркі «Заўтра» ў 2018 годзе заваяваў адразу чатыры ўзнагароды на буйным Міжнародным кінафестывалі ў Марселі. А ў 2019-м Юля зняла фільм «Межы» – гэта аўтарскае, вельмі арыгінальнае па форме паэтычнае кінаэсэ на тэму пошукаў сваёй і чужой, асабістай і мастацкай ідэнтычнасці ў зменлівым свеце.
Пра што фільм «Межы»?
Ідэя фільма нарадзілася ў цягніку, там жа пачынаецца і кінагісторыя. Гэта фільм-падарожжа па чатырох гарадах, а таксама па сучаснасці і мінулым, бо выкарыстоўваюцца кадры, знятыя рэжысёркай у сучасны перыяд і яе бацькам 25 гадоў таму. Яны зліваюцца ў адно галасавое паведамленне невядомаму чалавеку і так ці інакш прыводзяць нас да нейкіх бачных ці нябачных межаў у геаграфіі, гісторыі ці кінематаграфіі.
Дакументальная стужка «Межы» дэманстравалася ў першай за гісторыю існавання фэсту беларускай праграме фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» ў 2020 годзе.
А што такое VODBLISK?
VODBLISK – анлайн-кінатэатр беларускага кіно, які стварыла каманда кінафестывалю «Паўночнае ззянне», каб гледачы мелі магчымасць адкрываць для сябе сучасныя незалежныя дакументальныя і ігравыя фільмы, зробленыя беларусамі і беларускамі. Пакуль што праект працуе ў бэта-рэжыме.
Апроч таго, у гледачоў застаецца магчымасць купіць доступ і паглядзець фільм Аляксандра Міхалковіча «Мая бабуля з Марса». Гэта кранальная дакументальная гісторыя пра бабулю рэжысёра. Яна пасля выхаду на пенсію пераехала ў Крым, які неўзабаве стаў акупаваным Расіяй і ператварыўся ў «далёкую планету» накшталт Марса, а яго «асяроддзе» стала непрыязным да бабулі. Нягледзячы на сур’ёзнасць тэм, якія ўздымаюцца ў фільме, ён напоўнены цяплом і пяшчотай.
Як паглядзець фільмы ў такім кінатэатры?
Каб паглядзець фільм на платформе VODBLISK, трэба зарэгістравацца на сайце, выбраць упадабаны фільм ды купіць да яго доступ за 5$. Стужка будзе даступна на працягу 30 дзён з моманту першага прагляду (вы зможаце паглядзець фільм любую колькасць разоў). Для гледачоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, VODBLISK у 2023 годзе бясплатны.
Неўзабаве каманда VODBLISK апублікуе гутарку з рэжысёрам фільма «Мая бабуля з Марса» Аляксандрам Міхалковічам. Яна будзе ў вольным доступе для ўсіх. Каб не прапусціць, падпішыцеся на сацыяльныя сеткі праекта: Instagram, Facebook.
Вы можаце падтрымаць данатам дзейнасць каманды кінафестывалю «Паўночнае ззянне» і анлайн-кінатэатра беларускага кіно VODBLISK.
Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.