З 2020 года дзяржаўныя ідэолагі і прапагандысты следам за Лукашэнкам паўтараюць наратыў: мы хоць і незалежная краіна, але плоць ад плоці рускія і частка «русского мира»: «Мы сами русские. Беларус – это русский со знаком качества». З пачаткам вайны ва Украіне выказванне «мы с русскими одно целое» стала мантрай для беларускага рэжыму. Але адкуль растуць ногі ў такіх выказванняў? Навошта іх прапагандуюць?
Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.
Аляксандр Пашкевіч
кандыдат гістарычных навук, былы рэдактар часопіса «Наша гісторыя»
Ідэя пра «мы с русскими один народ и ничем не отличаемся» называецца «заходнерусізм». І ёй не адзін дзясятак гадоў, расказвае Аляксандр Пашкевіч, кандыдат гістарычных навук, былы рэдактар часопіса «Наша гісторыя».
Што такое заходнерусізм?
Заходнерусізм – гэта ідэйная плынь, якая аформілася ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя і была скіравана на культурную інтэграцыю беларускіх земляў у агульную структуру Расійскай імперыі.
Гэта плынь нарадзілася ў атмасферы суперніцтва з польскім уплывам на тэрыторыі Беларусі. Першапачаткова яна была скіравана менавіта супраць польскасці, якая тады вяла рэй у культурным жыцці краю, а не супраць беларускасці.
Варта таксама адзначыць, што ўласна беларускай нацыянальнай ідэі і беларускага нацыянальнага руху як яе правадніка ў той час проста не існавала: яны сфарміраваліся пазней.
«Заходнерусы» ХІХ стагоддзя свае ідэі грунтавалі на тым, што на гэтых землях большасць насельніцтва – хрысціяне ўсходняга абраду (праваслаўя). Яны пісалі, што іх гісторыя і культура з глыбіні стагоддзяў цесна звязана з іншымі «рускімі» плямёнамі.
Прыхільнікі заходнерусізма трактавалі пэўную адметнасць мясцовых, «заходніх рускіх» ад «велікаросаў» толькі як рэгіянальную альбо этнаграфічную, якая не мусіць стаяць на перашкодзе агульнарускаму адзінству. У той жа час асноўную пагрозу яны бачылі ў польска-каталіцкіх уплывах і актыўна змагаліся менавіта з імі. «Заходнерусы» лічылі, што менавіта палякі звярнулі беларусаў з іх натуральнага рускага шляху, на які іх трэба вярнуць.
Ці быў заходнерусізм у БССР?
З падзеннем Расійскай імперыі і ўсталяваннем савецкай улады многае змянілася. Пасля 1917 года, а асабліва з канца 1920-х гадоў пра нейкі ідэйны плюралізм у СССР пытанне не стаяла. Усе павінны былі прынамсі публічна стаяць на марксісцкай платформе, магчымасцей для шырокіх ідэалагічных дыскусій не існавала.
Савецкая ўлада афіцыйна прызнавала існаванне асобнага беларускага народа. У БССР беларуская мова набыла афіцыйны статус: рабілася яе навуковая распрацоўка і кадыфікацыя, выдаваліся за дзяржаўны кошт кнігі. Таксама існавалі шматлікія школы з беларускай мовай навучання – праўда, пераважна ў вёсках.
Гэта быў адзін бок, фармальны. На практыцы ж чым далей, тым меншую ролю беларуская мова адыгрывала ў грамадскім жыцці: гарады размаўлялі пераважна па-руску, усе значныя сферы грамадскага жыцця, за выключэннем часткова сферы культуры, абслугоўваліся толькі рускай мовай. Беларуская ж у лепшым выпадку была «фасаднай».
А ў апошнія дзесяцігоддзі савецкай улады актыўна прапагандаваліся тэзісы пра зліццё нацый, стварэнне адзінага савецкага народа, рускі народ як «старэйшы брат».
У дачыненні да Беларусі гэта выглядала фактычна як працяг таго ж заходнерусізма – прызнанне пэўнай адметнасці беларусаў, але толькі ў цеснай узаемасувязі са «старэйшым братам».
Нацыянальная палітыка, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі ад 1994 года, таксама базіруецца на ідэях заходнерусізма?
Так, ідэі заходнерусізма ў яго савецкай спецыфічнай форме знайшлі сваё адлюстраванне ў палітыцы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Сам Лукашэнка арганічна прымае парадыгму ніжэйшасці і непаўнавартасці беларускай мовы, на якой «нельга выказаць нічога вялікага».
Што датычыцца беларусаў, то ён таксама як бы ніколі і не адмаўляў іх пэўнай адметнасці. У той жа час заўсёды падкрэсліваў іх неадменную прыналежнасць да «рускага свету». Памятаю яго выказванні кшталту «мы адзін народ» ці «беларусы – рускія са знакам якасці».
Па вялікім рахунку гэта той жа заходнерусізм, але ў новых гістарычных умовах. Зараз у ім няма асвечанасці і несумненнай інтэлектуальнасці.
Заходнерусізм лукашэнкаўскага разліву не так ідэйна асэнсаваны і прапрацаваны, як хутчэй практычна-прыкладны. Вядома ж, што рэжым Лукашэнкі не мае асабліва выразнай ідэалогіі. Ён чыста персаналісцкі і грунтуецца на вернасці правадыру і прызнанні яго права на нічым не абмежаваную ўладу, а не на нейкіх ідэйных пастулатах.
Утрыманне ж самой улады грунтуецца, асабліва выразна з 2020 года, выключна на грубым сілавым чынніку, а не на перамогах у інтэлектуальных дыскусіях. Адпаведна, і інтэлектуалаў-ідэолагаў у атачэнні Лукашэнкі, можна сказаць, няма.
Беларускія ўлады хочуць знішчыць адметную беларускую лацінку на шыльдах. Гэта таксама праява заходнерусізма?
Заходнерусізм у створанай Лукашэнкам сістэме, вядома, ёсць, вось адносна выразна сфарміраванай ідэйнай плыні можна сумнявацца. Цяперашняя барацьба з беларускай лацінкай на шыльдах для іншаземцаў – гэта, мне здаецца, увогуле не праява заходнерусізма.
Тыя людзі, якім муляюць вочы такія шыльды, выкарыстоўваюць спрыяльную кан’юнктуру, яны праціўнікі хутчэй нейкай беларускай адметнасці. Яны б, будзь іх воля, і беларускую мову забаранілі б.
Адметна, што такіх людзей некалькі гадоў таму нават Лукашэнкаў рэжым саджаў за краты. Нагадаю справу «Рэгнума» (у 2018 годзе Мінскі гарадскі суд прыгаварыў да 5 гадоў пазбаўлення волі аўтараў «рускамірскага» інфармацыйнага агенцтва «Рэгнум» за распальванне нацыянальнай варожасці. – Рэд.) . Тады нават для Лукашэнкі гэта было занадта.
Таму сітуацыя з адменай лацінкі, на мой погляд, гэта хутчэй адкрыта прарасійская пятая калона, а не «заходнерусы».
Як заходнерусізм паўплывае на Беларусь, асабліва ва ўмовах вайны супраць Украіны
Я не бачу за гэтай плынню асабліва бліскучых перспектыў у будучыні. Думаю так, таму што ідэйна заходнерусізм цяпер не надта добра аформлены, а палітычны рэжым рана ці позна зменіцца.
Для некага і сёння Беларусь ідэйна – Заходняя Русь. Але пад такім «фігавым лістком» людзі прапагандуюць чыста расійскую імперскую ідэалогію. Не думаю, што яны маюць нейкія ідэйныя рознагалоссі са сваімі маскоўскімі аднадумцамі.
Думаю, што вайна ва Украіне і ўсё, што з ёй звязана, непазбежна мае нанесці магутны ўдар па ідэі «рускага свету» і ўсіх яе адгалосках накшталт умоўнага заходнерусізма.
Пакуль ход ваенных падзей яўна складваецца не на карысць Расіі, і нішто не сведчыць пра тое, што ён можа быць пераламаны. Таму рана ці позна Расія пацерпіць паражэнне. Гэта будзе азначаць і падзенне агульнага прэстыжу ды прывабнасці рускасці ў цэлым. Беларусь наўрад ці стане выключэннем з агульнай тэндэнцыі.
Мне здаецца, што расійскія культурныя, а праз гэта і палітыка-ідэалагічныя ўплывы будуць захоўвацца, і даволі значная частка насельніцтва будзе пад іх падпадаць. Гэта будзе мець, вядома, вялікі уплыў на грамадска-палітычнае жыццё ў постлукашэнкаўскай Беларусі, і ўплыў гэты будзе негатыўны.
Якая нацыянальная ідэя ёсць цяпер у беларусаў?
Думаю, што сёння яна не можа грунтавацца на агульнасці мовы ці этнічнага паходжання. Хутчэй гаворка можа ісці пра грамадзянскую беларускую нацыю на аснове таго ці не адзінага чынніка. Асноўная думка тут – неабходнасць захавання нацыянальнага суверэнітэту.
Здаецца, што ў нашым выпадку гэта і будзе той стрыжнявой ідэяй, на якую будуць нанізвацца ўсе астатнія. Але гэта ні ў якім выпадку не заходнерусізм, бо для ўмацавання суверэнітэту мусіць быць стаўка на фарміраванне пачуцця асобнасці менавіта ад рускіх.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: Unsplash.com.