З 1 верасня гледачы платформы VODBLISK змогуць паглядзець у анлайн-кінатэатры рэжысёрскую працу яго заснавальніцы Волі Чайкоўскай –фільм «Агульная мова». І вось чаму яго трэба паглядзець.
Фільм «Агульная мова» з Воляй Чайкоўскай у якасці рэжысёркі ў 2020 годзе стаў лагічным працягам прафесійнага шляху ўжо на той момант дырэктаркі кінафестывалю «Паўночнае ззянне» і прадзюсаркі са сваёй уласнай кінакампаніяй Volia Films.
Пра што фільм?
«Агульная мова» – рэжысёрскі дэбют Волі Чайкоўскай, які яна зняла на сваёй радзіме, у Віцебску. Гэта смелы і шчыры дакументальны фільм з некранутымі дыялогамі і непадрыхтаванымі акцёрамі ў асобе бацькоў самой Волі. Ён пра тое, што датычыцца кожнага: пра ўзаемаразуменне паміж людзьмі і пошук шляхоў да яго.
«У мяне доўга спрацоўваў механізм пазбягання здымак, – шчыра расказвае Воля, – да моманту, пакуль мой ментар у кінашколе пры ўсіх на групавой працы не сказаў: “Раскажы нам пра сваю сям’ю”. Я пачала распавядаць і заплакала. І ён сказаў: “Ну ўсё, бяры камеру, едзь у Віцебск і здымай сваіх бацькоў”».
Як можна паглядзець стужку?
Доступ да фільма «Агульная мова» можна набыць за 5$ на 30 дзён. 30 дзён будуць адлічвацца з моманту першага прагляду фільма. Больш за тое, у гэты прамежак глядзець стужку можна любую колькасць разоў. І нагадваем, што гледачы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, могуць глядзець бясплатна гэты фільм і ўсе іншыя з медыятэкі VODBLISK у 2023 годзе.
А што такое VODBLISK?
VODBLISK – анлайн-кінатэатр беларускага кіно, які стварыла каманда кінафестывалю «Паўночнае ззянне», каб гледачы мелі магчымасць адкрываць для сябе сучасныя незалежныя дакументальныя і ігравыя фільмы, зробленыя беларусамі і беларускамі.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Відэа: YouTube.com.