З 23 мая да 12 чэрвеня ў культ.цэнтры «Корпус» будзе адкрыта выстава, якую ніяк нельга прапусціць. World Press Photo 2018 – найлепшыя фота пра самыя значныя падзеі і праблемы свету ў мінулым годзе.
Міжнародны конкурс «Сусветнае прэс-фота» праводзіцца з 1955 годa, каб паказаць высакаякасныя візуальныя гісторыі, якія маюць значэнне для ўсёй планеты. З таго часу конкурс развіўся ў найбольш прэстыжнае ў свеце спаборніцтва фатографаў, а выставы конкурсу ладзяцца больш як у 100 гарадах 45 краін.
Фотаконкурс «Сусветнае прэс-фота – 2018» сабраў 4548 фатографаў з 125 краін, якія заявілі на конкурс 73 044 работы. Журы, у склад якога ўвайшлі аўтарытэтныя фатографы і фотарэдактары з усяго свету, адзначыла найлепшых фатографаў свету ў васьмі намінацыях: «Пільныя навіны», «Агульныя навіны», «Актуальныя тэмы», «Людзі», «Экалогія», «Прырода», «Спорт», «Працяглыя праекты» . Фотаздымкі, якія перамаглі ў конкурсе «Сусветнае прэс-фота», як і ў папярэднія гады, утварылі міжнародную перасоўную выставу. У 2018 годзе выставу «Сусветнае прэс-фота» ўжо пяты раз прымае Беларусь (апошнія тры гады афіцыйным партнёрам праекта выступае культурніцка-адукацыйны цэнтр «ЦЭХ»). Сёлетняя экспазіцыя надрукавана на шырокафарматных Canon і планшэтных прынтарах Arizona.
Тытул «Сусветнае прэс-фота – 2018» атрымала работа Ранальда Шэміта. Гэты венесуэльскі фатограф зрабіў для мексіканскага філіялу Agence France-Presse здымак ахопленага агнём пратэстоўца падчас антыўрадавых выступаў у Каракасе 3 мая 2017 года.
Каб выбраць пераможцу 61-га конкурсу «Сусветнае прэс-фота», пачынаючы з 13 студзеня 2018 года за тры тыдні журы праглядзела 73 044 здымкі.
Час працы выставы: 12:00–21:00, кошт квітка – 5 рублёў, ільготны – 2,5, для журналістаў уваход вольны.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Фото: World Press Photo.