Фота: ringstone.by, Instagram.com.

Пайшоў з IT, каб працаваць з каменем. Цяпер гэты брэстаўчанін робіць ванны з вялізных валуноў. Пачытайце, колькі можна на гэтым зарабляць

Фота: ringstone.by, Instagram.com.

Уладзіслаў пачаў працаваць з каменем яшчэ падлеткам, потым спрабаваў пайсці ў IT, але ў выніку адкрыў уласную майстэрню. Цяпер ён ператварае валуны ў ракавіны, ванны і вялізныя фантаны. CityDog.io расказвае, як ён працуе і колькі могуць каштаваць такія незвычайныя вырабы.

мы здесь

Як усё пачыналася? «У 16 гадоў гравіраваў Шварцэнэгера і Бруса Лі»

Працаваць з каменем Уладзіслаў пачаў яшчэ падлеткам. Ягоны бацька рэзаў плітку і рабіў помнікі, і ў 13 гадоў Улад папрасіў навучыць яго чаму-небудзь нескладанаму. Спачатку ён толькі паліраваў плітку, але аднастайная праца хутка надакучыла.

У 16 гадоў Уладзіслаў ужо вучыўся гравіраваць партрэты на помніках. Мастацкай адукацыі і прафесійных інструментаў у яго не было, таму ён трэніраваўся на звычайнай плітцы, а замест гравіравальнага апарата выкарыстоўваў самаробны прыбор з электрычнай брытвы. Капіяваў партрэты Шварцэнэгера і Бруса Лі, а затым паказваў іх знаёмым: калі тыя пазнавалі чалавека, значыць, праца атрымалася. Пра гэта ён расказваў у інтэрв’ю «Анлайнеру».

У 18 гадоў Уладзіслаў пераехаў у Брэст. У новым горадзе ў яго не было ні знаёмых, ні дакладнага плана, таму спачатку ён браўся за любую працу. У нейкі момант нават хадзіў па кватэрах і прадаваў нажы, але хутка зразумеў, што гэта не для яго.

Тады і спатрэбіліся навыкі працы з каменем: на той момант хлопец ужо ўмеў самастойна рабіць помнікі. Але з часам гэтая праца пачала яго знясільваць. Асабліва цяжка было гравіраваць дзіцячыя партрэты на надмагіллях. Да таго ж Уладзіславу не хапала творчасці, таму ён вырашыў змяніць сферу: прайшоў анлайн-курсы па кантэкстнай рэкламе, навучыўся рабіць сайты і прыкладна паўтара года працаваў за камп’ютарам.

Але і ў IT ён сябе не знайшоў. «Я адчуваў сябе загнаным, нібыта не жыву, а проста клацаю па клавіятуры», – расказваў Уладзіслаў.

У 2018 годзе ён вырашыў вярнуцца да працы з каменем і адкрыць уласную майстэрню. Рашэнне было рызыкоўным: жонка Уладзіслава тады чакала дзіця, а ўпэўненасці, што з новай справай усё атрымаецца, не было. Але заставацца ў нялюбай прафесіі ён больш не хацеў.

Спачатку майстэрня размясцілася ў старым вагончыку, які Уладзіслаў купіў за 2400 руб. Хлопец сам яго абшыў і правёў туды электрычнасць. Там ён пачаў эксперыментаваць: займаўся гравіраваннем, рабіў дэкаратыўныя талеркі, статуэткі і незвычайныя вырабы на замову – аднойчы, напрыклад, вырабіў вялікі мармуровы зуб для стаматолага.

Далей – ракавіны на замову

Аднойчы майстар убачыў у інтэрнэце каменную ракавіну і вырашыў паспрабаваць зрабіць такую ж.

Першую ракавіну Уладзіслаў рабіў цэлы тыдзень. Ён не быў упэўнены, што яе нехта купіць, але неўзабаве атрымаў замову ад дзяўчыны з Мінска. Пасля гэтага майстар стварыў сайт, запусціў рэкламу і пачаў рабіць ракавіны на замову.

Для працы падыходзіць не кожны камень: унутры могуць быць мікратрэшчыны, праз якія выраб расколецца. Таму Уладзіслаў уважліва выбірае нарыхтоўку, надае ёй форму балгаркай, а затым шліфуе і паліруе. На выраб адной ракавіны патрэбныя два-тры дні.

А потым была ванна з валуна вагой 7,5 тоны…

У нейкі момант Уладзіслаў вырашыў, што ракавін яму ўжо мала, і захацеў зрабіць з каменю нешта маштабнае. Ён прыехаў у мясцовы кар’ер і папрасіў паказаць самы вялікі валун. Спачатку майстар думаў, што той важыць каля трох тон, але, калі камень выкапалі, высветлілася: большая частка глыбы хавалася пад зямлёй, а яе сапраўдная вага – 7,5 тоны. Cяк-так яго пагрузілі каўшом у прычэп, а потым прывезлі да майстэрні.

На тое, каб ператварыць валун у купель, спатрэбілася амаль чатыры месяцы. Спачатку Уладзіслаў выраўнаваў падставу, а затым пачаў выразаць чару, сядзенне і адтуліну для зліву. Перавярнуць валун звычайным пагрузчыкам не ўдалося – той пагнуў вілы і ледзь не перакуліўся. Справіўся толькі «Амкадор».

Камень аказаўся вельмі шчыльным: маленькага алмазнага дыска часам хапала ўсяго на гадзіну працы, а некалькі балгарак зламаліся канчаткова. Пасля грубай апрацоўкі Уладзіслаў доўга шліфаваў і паліраваў унутраную частку купелі, пакуль не праявіўся прыродны малюнак каменю.

У выніку атрымалася паўнавартасная ванна, у якой могуць адначасова змясціцца трое дарослых.

Адзін з нядаўніх праектаў – фантан з 64 тон камення

Увосень 2025 года Уладзіславу прапанавалі пабудаваць вялікі каменны фантан для сядзібы «Галас». Паводле задумкі заказчыка, вада павінна была браць пачатак наверсе і паступова сцякаць уніз па каменных чарах. Гатовага праекта не было, таму Уладзіслаў спачатку зрабіў паменшаную мадэль, каб зразумець, як будзе выглядаць і працаваць канструкцыя даўжынёй каля 13 метраў.

Першапачаткова майстар разлічваў, што яму спатрэбіцца каля 24 тон валуноў. Але ўжо падчас першага складання стала зразумела: канструкцыя расце ў вышыню значна хутчэй, чым планавалася, а фантан атрымліваецца зусім не такім, як задумвалася. Яго прыйшлося разабраць, а Уладзіславу – зноў ехаць у кар’ер. У выніку на праект пайшло 64 тоны каменю – прыкладна 70–80 валуноў вагой ад 400 кілаграмаў да дзвюх тон кожны.

Усе чары Уладзіслаў выразаў уручную. Потым фантан некалькі разоў збіралі і разбіралі, каб вада сцякала па патрэбнай траекторыі. Аднойчы шланг пераціснула ўнутры канструкцыі – прыйшлося зноў здымаць валуны і замяняць яго трубой з нержавеючай сталі. За час працы майстар сцёр некалькі дзясяткаў алмазных дыскаў і зламаў некалькі балгарак.

На ўвесь праект спатрэбілася каля дзесяці месяцаў, хаця сам мантаж заняў два тыдні. Цяпер фантан працуе на тэрыторыі сядзібы «Галас».

А колькі можна зарабіць на камянях?

У інтэрв’ю «Анлайнеру» у 2025 годзе Уладзіслаў расказваў, што працаваў не больш за пяць гадзін на дзень, а за месяц рабіў і прадаваў у сярэднім восем-дзесяць вырабаў. Паводле падлікаў журналістаў, тады ягоны штомесячны даход мог складаць каля $2000–2500.

З гэтай сумы, як удакладняў сам майстар, каля $100 ішло на арэнду майстэрні, 10% – на падаткі, а яшчэ прыкладна $400 – на камень і расходныя матэрыялы. Астатняе заставалася на жыццё, развіццё майстэрні і адпачынак.

Цяпер на сайце Уладзіслава звычайныя ракавіны з натуральнага каменю каштуюць ад 450 да 600 руб. Мадэлі катэгорыі «прэміум» – ад 600 да 750 руб., а кошты на вырабы класа «люкс» пачынаюцца ад 750 руб. Таксама майстар робіць на замову ракавіны любых формы і колеру.

Буйныя праекты каштуюць значна даражэй. Дакладную цану ванны з 7,5-тоннага валуна Уладзіслаў не называў. Аднак ён адзначаў, што ў Расіі падобныя вырабы меншага памеру каштуюць ад 1 млн расійскіх рублёў – каля $13 000. Пры гэтым толькі на інструменты і расходныя матэрыялы для купелі пайшло $2460 – без уліку кошту каменю, дастаўкі і амаль чатырох месяцаў працы.

Яшчэ адзін буйны праект – фантан з 64 тон валуноў. Уладзіслаў прызнаваўся, што першая такая замова была для яго хутчэй прафесійным выклікам і аказалася не надта выгаднай. Калі б цяпер яго папрасілі зрабіць падобны фантан, такі праект каштаваў бы каля 50 000 руб.

Калі б цяпер яго папрасілі зрабіць падобны фантан, такі праект каштаваў бы каля 50 000 руб.

Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter