Подкасты
CityDog.io

«За жыллё плачу 105 еўра ў месяц». Беларусы – пра тое, колькі каштуе і як праходзіць вучоба ва ўніверсітэтах Польшчы, Літвы і Чэхіі

«За жыллё плачу 105 еўра ў месяц». Беларусы – пра тое, колькі каштуе і як праходзіць вучоба ва ўніверсіт...
Спыталі ў беларусаў, якія вучацца ва ўніверсітэтах Еўропы, як яны рыхтаваліся да паступлення, колькі трэба плаціць за вучобу і як складваюцца ў іх стасункі з выкладчыкамі.

Спыталі ў беларусаў, якія вучацца ва ўніверсітэтах Еўропы, як яны рыхтаваліся да паступлення, колькі трэба плаціць за вучобу і як складваюцца ў іх стасункі з выкладчыкамі.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

Арсеній, вучыцца ва ўніверсітэце Кракава: «У гэты раз я пражываю сапраўднае студэнцкае жыццё, пра якое марыў»

Арсеній

 

Год таму Арсеній паступіў на кагнітывістыку ў адзін з універсітэтаў Кракава. Але даволі хутка вырашыў змяніць напрамак: кажа, спецыяльнасць складаная і ўключае ў сябе вялікую долю дакладных навук. Цяпер Арсеній вучыцца на першым курсе і вывучае еўрапеістыку.

– Можна сказаць, да паступлення я рыхтаваўся ўсе шэсць гадоў вучобы на гістфаку ў Брэсце. Пачаў вывучаць гісторыю міжваеннага перыяду і захапіўся ёю – тады тэрыторыя Заходняй Беларусі ўваходзіла ў склад Польскай Рэспублікі. Плюс трэба было працаваць з дакументамі ў архіве, таму заняўся яшчэ і мовай.

А непасрэдна да самога паступлення стаў рыхтавацца за год: мне трэба было здаць дзяржаўны іспыт па польскай як замежнай на ўзровень B2 – я займаўся з рэпетытарам.

Падрыхтоўка да паступлення: «Казаў пра кнігу, якую напісаў мой экзаменатар. Гэта яго ўразіла»

Самым складаным для мяне аказалася граматыка і пісьмо – з гэтым у мяне цяжкасці ва ўсіх мовах. У выніку здаў на 84%. Выпрабаванне праходзіла ў Мінску два дні запар: першы дзень – пісьмовая частка (граматыка і эсэ на зададзеную тэму), другі – вусная частка (гутарка з экзаменатарамі). Але, як пазней высветлілася, менавіта ў маім універсітэце гэты сертыфікат не патрэбны.

Асноўны іспыт там – сумоўе, падчас якога выкладчыкі правяраюць матывацыю і веданне мовы. Доўжыцца ўсё хвілін 10–15, падчас якіх ахопліваюцца агульныя пытанні (чаму Польшча, чаму Кракаў) і больш канкрэтныя: на якую тэму хацеў бы пісаць дыплом, якія мовы ведаю, дзе хацеў бы працаваць. У першы раз я набраў 70 балаў, а пры змене спецыяльнасці – усе 100.

Каб лепш прайсці сумоўе, варта вывучыць сферу інтарэсаў экзаменатараў і іх публікацыі. Гэта можа добра дапамагчы. У другі раз я падрыхтаваўся лепш – і казаў пра кнігу, якую якраз напісаў мой экзаменатар. Гэта яго ўразіла. А вось спіса пытанняў да сумоўя няма.

Як праходзіць само навучанне: «Вельмі цяжка было самому сабе скласці зручны расклад»

Незвычайным для мяне стаў стыль зносін выкладчыкаў са студэнтамі: больш паважлівы, чым у маім папярэднім універсітэце, і больш ліберальны, я б сказаў. Але вельмі цяжка было напачатку самому сабе скласці зручны расклад: сумаваў па маім дэканаце на гістфаку, які ўсё рабіў за мяне. Бо калі няўдала скласці расклад, то паміж парамі можа быць перапынак у некалькі гадзін.

Навучанне ў асноўным складаецца з неабавязковых лекцый і абавязковых практычных заняткаў. Можна прапусціць два-тры практычныя ў залежнасці ад выкладчыка і спецыфікі прадмета. Калі больш – адпрацоўка або нядопуск да іспыту.

Практычныя праходзяць па-рознаму ў залежнасці ад прадмета. Часцей за ўсё – чытанне тэкстаў і іх разбор на занятку або выкананне іншых заданняў дома. Па тэкстах на кожны занятак невялікая праверачная і балы за яе – з гэтага і складалася ацэнка практычных.

Яшчэ важны аспект – гэта здача калёквіуму, вялікай кантрольнай. Гэта таксама ўплывала на адзнаку і допуск да іспыту, і звычайна тут бывае шмат пераздач. І гэта норма.

На самастойную вучобу сыходзіць нямала часу, асабліва перад калёквіумам. Скажам, 3–5 пар плюс гадзіны 3–4 дамашняй працы. Але, калі паспрабаваць, пятніца можа быць адносна ці нават цалкам вольная: у гэты час, напрыклад, можна папрацаваць над іншымі праектамі. Вядома, працэс навучання мае шмат асаблівасцей у залежнасці ад факультэта і спецыяльнасці.

У Польшчы ў адрозненне ад Беларусі развіты студэнцкі рух: я стаў членам Міжнароднага форуму студэнтаў (AEGEE), які аб’ядноўвае студэнтаў і выпускнікоў з усёй Еўропы. Гэта дае магчымасць атрымаць навыкі ў розных сферах ці танна падарожнічаць. На гэты раз я пражываю сапраўднае студэнцкае жыццё, пра якое марыў.

Пра побыт: «Плачу за жыллё 500 злотых у месяц»

Я жыву ў інтэрнаце ў цэнтры горада: хвілін 25 пешшу ад факультэта. Плачу за жыллё 500 злотых (каля 105 еўра) у месяц. У нас даволі прасторныя пакоі з уласным душам, на паверсе ёсць пральная і сушыльная машына. У самім інтэрнаце знаходзіцца добрая сталовая і свой бар – там часта праходзяць канцэрты і іншыя мерапрыемствы.

А вось кухні ў нас маленькія: звычайна там шмат людзей, прысесці магчымасці няма. Толькі прыгатаваць – і да сябе ў пакой. Таму з калегам па пакоі купілі столік, індукцыйную плітку і халадзільнік. Але ў цэлым умовамі я задаволены, хоць і старая частка інтэрната крыху патрапана.

Аліна, вучылася ва ўніверсітэце Чэхіі: «Асабіста мне было цяжка»

Аліна

 

Дзяўчына амаль два семестры вучылася на спецыялістку па інфарматыцы і вылічальнай тэхніцы на факультэце прыкладных навук заходнечэшскага ўніверсітэта. Але сышла адтуль і паступіла ва ўніверсітэт у Вільнюсе на завочнае і ў прыватны чэшскі ўніверсітэт на дыстанцыйнае – на бізнес-менеджмент. З намі ж Аліна падзялілася ўражаннямі аб першай адукацыі.

– Чэхію я выбрала, бо тут жыла мая лепшая сяброўка. У іншых краінах у мяне зусім нікога не было, і было страшна ехаць у нікуды. Універсітэт выбірала зыходзячы з таго, што было ў горадзе, дзе я хацела жыць. На той момант зусім не ведала, што я хачу рабіць са сваім жыццём і кім хачу працаваць, але ведала, што хачу рабіць нешта добрае для свету і дапамагаць людзям, а для гэтага патрэбны будуць грошы.

Мне падабаецца думаць і не падабаецца, калі занадта лёгка, таму вырашыла, што са сферай IT я цалкам спраўлюся. Па маёй тагачаснай логіцы, калі «Паскаль» у 9-м класе нармальна ішоў, то і вышэйшую тэхнічную адукацыю на замежнай мове змагу атрымаць.

Малы падзагаловак: Падрыхтоўка да паступлення: «Іспыт не здала: вельмі перахвалявалася і забыла перавярнуць старонку з заданнямі»

Паколькі ў мяне быў добры бал атэстата і адзнакі па інфарматыцы, фізіцы і матэматыцы, я была вызвалена ад іспытаў па гэтых прадметах ва ўніверсітэт. Мне трэба было здаць толькі чэшскі на ўзровень B1: займалася з рэпетытарам анлайн два разы на тыдзень па некалькі гадзін.

Пачала інтэнсіўную падрыхтоўку ў снежні, прыкладна ў сакавіку інтэнсіўнасць крыху знізілася, а ў маі ўжо быў іспыт. Для гэтага мне прыйшлося паехаць у Кіеў: міжнародныя іспыты па чэшскай у Беларусі на той момант не праводзіліся.

Але я не здала: вельмі перахвалявалася і забыла перавярнуць старонку з заданнямі, з-за чаго палову проста не напісала. Другое выпрабаванне здавала ўжо анлайн у чэрвені.

У выніку мне пашанцавала па-іншаму: мой універсітэт вырашыў правесці свой іспыт па чэшскай мове. І яго я паспяхова здала.

Плюсы і мінусы вучобы ў Чэхіі: «Спачатку я чытала скрыпты да лекцый па лінейнай алгебры і плакала»

Лекцыі па большасці прадметаў, як правіла, стрымяцца на YouTube і запісваюцца: на іх увогуле не абавязкова хадзіць – і за гэтым ніхто не сочыць. Наведванне семінараў таксама неабавязковае, але тут ужо залежыць ад прадмета: дзесьці трэба толькі паспяхова здаць іспыт, а дзесьці – яшчэ і прысутнічаць на Х% семінараў.

Першы час я баялася негатыўнай рэакцыі выкладчыкаў на мае пытанні. Але я была ў шоку, калі пасля першага практычнага занятку па праграмаванні выкладчык папрасіў мяне затрымацца, каб спытаць, ці ўсё ў мяне ў парадку і ці ўсё я разумею. Ён сказаў што ўсё будзе добра, і яшчэ раз звярнуў маю ўвагу на тое, што ў любы час я магу задаваць усе свае пытанні ў Discord.

Таксама ёсць партал, дзе можна дастаць большую частку інфармацыі і матэрыялаў па ўсіх прадметах, і сайт, дзе можна знайсці і танна купіць заліковыя тэсты папярэдніх гадоў, каб трэніравацца. Увогуле, калі ёсць жаданне і сілы вучыцца, то ўмовы не проста добрыя, яны цудоўныя.

З мінусаў… Гэта ўсё на чэшскай. Спачатку я чытала скрыпты да лекцый па лінейнай алгебры і плакала, бо не разумела, што адбываецца. Плюс у чэхаў іншая школьная праграма (і сістэма адукацыі ў цэлым): яны вучацца 13 гадоў і, прыходзячы на ​​першы курс, ужо большую частку ўсяго гэтага ведаюць са школы. Асабіста мне было цяжка. Яны нават дробы пішуць па-іншаму, па-іншаму думаюць, а вытворную завуць «дэрывацыя».

Пра побыт: «За першы інтэрнат плаціла 100 еўра ў месяц, за другі – 140»

Я жыла ў інтэрнаце. Першы быў не вельмі: пакой на дваіх, кухня, туалет і душ – адзін на паверх. Выходзіла прыкладна 100 еўра ў месяц. А потым пераехала ў нармальны: блокі па два пакоі, у кожным пакоі па два чалавекі, туалет, душ і халадзільнік – на кожны блок, а кухня – адна на паверх. Там я ўжо плаціла прыкладна 140 еўра ў месяц. Пры гэтым за вучобу ў дзяржаўным універы і на чэшскай мове плаціць не трэба.

Мой адпачынак – гэта ці сон, ці вандраванні. Не ведаю, як я раней жыла без пастаянных перамяшчэнняў па планеце. Гэта для мяне найважнейшая магчымасць, якую дае статус студэнта ў Еўропе. Але і ў Чэхіі таксама выдатна; праўда, я да гэтага часу не пагуляла па ўсіх месцах у Празе, па якіх хачу пагуляць.

Валерыя, вучыцца ва ўніверсітэце Вільнюса: «Самым нязвыклым стала колькасць пар – прыкладна 4–6 на тыдзень»

Валерыя

 

Валерыя вучыцца ва ўніверсітэце ў Вільнюса ўжо на другім курсе – вывучае візуальны дызайн. Кажа, што Літву хутчэй выбрала не яна сама, а праца яе мужа.

– Паколькі паступленне ў Вільнюс – гэта маё не першае паступленне ва ўніверсітэт у прынцыпе, сумневаў не было. Мне проста трэба было знайсці самы прыдатны варыянт для сябе і спланаваць фінансавы бок.

Навучанне на маёй спецыяльнасці для беларусаў каштуе 1300 еўра за семестр. Але паколькі летась я была на дэпартаменцкай стыпендыі (усе два семестры), у выніку за першы курс са сваёй кішэні я заплаціла 200 еўра.

Пра падрыхтоўку і іспыты: «Я ніколі не займалася акадэмічным малюнкам – у маёй сям’і мяне гадавалі хутчэй як тэхнара»

Я пераехала ў Вільнюс у канцы вясны – у гэты час ва ўніверсітэце ўжо быў ледзь не разгар іспытаў на асноўны набор. Я дакладна не памятаю, адкуль даведалася пра гэту ВНУ; хутчэй за ўсё, бачыла рэкламу ў Instagram. Як вынік – запісалася на іспыт (малюнак) і падрыхтавала ўсе дакументы.

Я ніколі не займалася акадэмічным малюнкам, у маёй сям’і мяне гадавалі хутчэй як тэхнара. Але ў мяне ёсць здольнасці да прасторавага мыслення – думаю, гэта мне і дапамагло здаць іспыт досыць нядрэнна.

Да іспыту прыкладна месяц займалася маляваннем па падручніках: прапрацоўвала далягляд, прапорцыі, проста набівала руку. Але самым складаным аказалася сумоўе: я дужа нервавалася, бо цяжка сканцэнтравацца, калі ў цябе ёсць хвілін 10 на групу людзей, якіх ты бачыш упершыню, – і іх табе трэба ўразіць. Але, відаць, у мяне ўсё атрымалася, раз я ўжо на другім курсе.

Само паступленне праходзіла аддалена: падача дакументаў, здача экзаменаў, сумоўе – усё было анлайн. Напрыклад, іспыт па малюнку ў нас праходзіў праз Zoom: за некалькі хвілін да званка абітурыентам высылалі на пошту заданні (2 аркушы), мы іх друкавалі, падключаліся да званка, і ў ім мадэратар расказваў, што рабіць можна, а што – не.

На два малюнкі давалася каля 4 акадэмічных гадзін: тым, хто мала маляваў раней, гэтага можа і не хапіць. Я, напрыклад, скончыла за 15 хвілін да заканчэння часу. Пасля адсканіравала малюнкі і адправіла: мне даслалі ў адказ, што працы прыняты. А праз нейкі час даслалі сертыфікат з адзнакай за іспыт і віншаванні.

Як праходзіць навучанне: «Тут вас ніхто не будзе грузіць пяццю парамі на дзень, каб жыць не паспявалі»

Напэўна, самым нязвыклым для мяне стала колькасць пар – прыкладна 4–6 на тыдзень (без дадатковых курсаў, такіх як літоўская мова). Тут вас ніхто не будзе грузіць пяццю парамі на дзень, каб жыць не паспявалі, а толькі вучыліся. У студэнтаў майго ўнівера шмат уласных праектаў, у тым ліку і не звязаных з ВНУ.

Вучоба тут – кепскі варыянт для тых, хто не здольны самастойна сачыць за сваім навучаннем. Няхай пар і няшмат, але заданняў дастаткова – і, калі не выконваць іх паступова, можна не спаць тыдзень (а то і больш) перад сесіяй.

Яшчэ мяне здзівіла тое, што выкладчыкі тут слухаюць, не спрабуюць запхнуць вам у галаву свае думкі, – хутчэй, спрабуюць развіць вашы ўласныя. Хоць гэта можна сказаць не пра ўсіх выкладчыкаў, але ж такія ёсць. Гэта было, мабыць, самым вялікім прыемным кантрастам з тым навучаннем, якое я ведала дагэтуль.

У дні, калі звычайна праходзілі мае профільныя прадметы, я вывучала:
- малюнак і кампазіцыю,
- каліграфію,
- тыпаграфіку.

Атрымлівалася прыкладна дзве пары на дзень, двойчы на тыдзень (не ўлічваючы астатнія прадметы). Пачатак заняткаў альбо ў 10:00, альбо ў 13:00. Да гэтага я звычайна заходзіла ў кавярню па каву і адпраўлялася ў тую частку старога горада, дзе знаходзіцца мой універсітэт.

Пары звычайна праходзілі даволі ажыўлена: тлумачэнне новых тэм, практыка ў класе. Студэнты маглі спакойна падыходзіць да выкладчыкаў са сваімі працамі і атрымліваць кансультацыю. Пасля пар мы часта шпацыравалі з сяброўкай-калегай па старым горадзе і потым дзесьці перакусвалі.

Пра побыт: «За невялікую студыю мы плацім зараз 410 еўра ў месяц»

Я жыву ў жылым комплексе «Парк Озас» – гэта прыкладна паўгадзіны на грамадскім транспарце да майго універсітэта і цэнтра горада. За невялікую студыю мы плацім зараз 410 еўра ў месяц, прыкладна 70 еўра за камунальныя паслугі летам і пад 100 еўра – зімой.

Вакол Вільнюса шмат прыгожых азёр, а ў горадзе – шмат паркаў, лясных зон: гуляць тут дакладна ёсць дзе. Тым больш я люблю адпачываць у руху на паветры. І, вядома ж, вандраваць. Самы вялікі плюс ЕС – гэта адсутнасць межаў. За гэты год я паспела пабываць і нават пажыць у Рызе, Парыжы, Варшаве і Таліне, а ў планах яшчэ больш.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: архіў герояў, Unsplash, Freepik.

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter