Суперніцтва з Масквой, супрацьстаянне Маскве – гэта фактар, без якога немагчыма казаць пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага. З часам гэты канфлікт выйшаў за рамкі звычайных спрэчак за памежныя тэрыторыі і ператварыўся ў бітву за выжыванне.
У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталей і акцэнтаў.
ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.
Калі Масква была маленькай: канфлікт Альгерда і Дзмітрыя Данскога
Цяпер падаецца дзіўным, але ў першыя стагоддзі існавання вялікія княствы Літоўскае і Маскоўскае нават не межавалі, а толькі судакраналіся ў некалькіх пунктах.
У сярэдзіне 14-га стагоддзя, калі дзве дзяржавы ўпершыню сутыкнуліся ў бітве, паміж імі яшчэ ляжалі незалежныя смаленскія, вяземскія, верхняокскія землі са сваімі князямі. З поўначы паміж маскоўскімі і наўгародскімі валасцямі стаяла Цвер, на поўдні – Вялікае княства Разанскае. Яны гулялі ў сваю гульню і на роўных канкурыравалі з Масквой за прыхільнасць ханаў Залатой Арды.
Ханы ж аддавалі першынство то Цверы, то Маскве, то Разані, выбіраючы сярод князёў самага таленавітага і паслухмянага, які б мог ад іх імя кантраляваць Заходні ўлус (так называліся рускія княствы, заваяваныя мангола-татарамі).
Ад часоў Івана Каліты (1325–1340) гэты абавязак быў ускладзены на маскоўскіх князёў. Яны збіралі для Арды даніну з іншых рускіх княстваў, а заадно вырашалі ўласныя палітычныя задачы, карыстаючыся прыязнасцю вялікага хана.
Для ВКЛ Масква была суседам суседзяў – а гэта, паводле яшчэ старажытнарымскіх палітычных уяўленняў, звычайна саюзнік. Першае сутыкненне інтарэсаў адбылося ў 1340-я, калі сын Івана Каліты Сімяон Горды напаў на Таржок, а вялікі князь літоўскі Альгерд (1341–1377) – на Мажайск.
Ці прыстаўляў Альгерд дзіду да маскоўскіх сцен?
Пабачыўшы, што Масква мацнее і актывізуецца на тэрыторыях, на якія пазіраў і ён сам, Альгерд паслаў да хана Залатой Арды Джанібека пасольства са сваім братам Карыятам на чале, прапануючы прыструніць Маскву. Аднак татары не былі зацікаўлены ва ўзмацненні кагосьці аднаго ў ваколіцах Заходняга ўлуса. І Джанібек выдаў Карыята маскоўскаму князю. Альгерд быў вымушаны прасіць у Масквы міру, каб уратаваць брата.
Пасля таго абодва бакі змянілі тактыку – і Сімяон, і Альгерд ажаніліся з дочкамі цвярскога князя. (Гэта ад сына Альгерда і Улляны Цвярской, Ягайлы, пачаўся род Ягелонаў – каралёў Польшчы, Чэхіі і Венгрыі).
Сапраўдная вайна пачалася ў 1368 г. Маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч (унук Каліты) з войскам напаў на Цвер, каб аддаць яе свайму стаўленніку. Скінуты князь Міхаіл, родны брат Ульяны, уцёк у Літву прасіць дапамогі ў Альгерда. Паходы войска ВКЛ на Маскву ў 1368, 1370 і 1372 гг. дзеля падтрымкі Міхаіла запомніліся там як «Літоўшчына» – і па жорсткасці не саступалі татара-мангольскаму нашэсцю.
Даследчык Віктар Цемушаў у кнізе «На ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага (сярэдзіна XIV – першая палова XVI ст.)» называе іх «бліскучымі», бо Альгерд двойчы падыходзіў з войскам да самых муроў Масквы, нідзе па дарозе не пераняты праціўнікам. У тых паходах удзельнічаў і 18-гадовы пляменнік Альгерда Вітаўт, «тады яшчэ малады і няслаўны», як адзначае летапісец.
У 1368 г. Маскву ўратавала толькі тое, што яе напярэдадні паспелі абнесці каменнымі сценамі. У дадатак на ВКЛ напалі крыжакі, і Альгерд не меў часу доўга трымаць аблогу. Выпаліўшы і абрабаваўшы наваколле, зацвердзілі мір.
Летапісы пішуць, што Альгерд, каб пазбегнуць уцечкі інфармацыі, проста не казаў нікому, навошта збірае і куды вядзе войска. Хоць існуе версія, што так маскоўскія летапісцы спрабавалі апраўдаць бездапаможнасць князя Дзмітрыя, які прамаргаў прыход літвінаў. Праўда, і прыгожая летапісная гісторыя пра тое, як вялікі князь літоўскі прыстаўляў дзіду да маскоўскіх муроў, відаць, таксама з раздзела сярэднявечнай прапаганды – толькі ўжо вялікалітоўскай. Факт у тым, што захапіць Маскву войскам ВКЛ не ўдалося ні разу. А неабходнасць раз за разам бараніць Міхаіла, відаць, надакучыла.
У часе трэцяга паходу, калі войскі сышліся пад горадам Любуцкам і пастаялі абапал глыбокага яра, Альгерд і Дзмітрый падпісалі мір. Больш Альгерд на Маскву не хадзіў. Хоць праз два гады, у часе новага канфлікту Масквы з Міхаілам, калі маскоўскія і смаленскія войскі пайшлі на Цвер, Альгерд абрабаваў смаленскія землі.
Літвіны забралі здабычу ў маскоўскага войска пасля Кулікоўскай бітвы
У часы, калі Вялікім Княствам кіраваў Ягайла, сын і наступнік Альгерда, непасрэдных войнаў з Масквой не было. Ягайла быў здольны перамагаць без бітваў.
Падчас дынастычнай барацьбы ў Залатой Ардзе ўладу там захапіў военачальнік Мамай. Масква і саюзныя ёй рускія княствы адмовіліся плаціць яму даніну. Вынікам канфлікту стала бітва на Куліковым полі ў 1380 годзе, Мамай быў разбіты. Вялікія князі маскоўскія і пазней цары ганарыліся той перамогай, яна легла ў падмурак расійскай нацыянальнай міфалогіі. Хоць перамога і не вызваліла ад татарскага «іга»: у 1382-м новы хан Тахтамыш зноў спаліў Маскву.
Невядома, як скончылася б і Кулікоўская бітва, калі б туды своечасова падышлі войскі ВКЛ, – Ягайла быў саюзнікам Мамая. Але вялікі князь літоўскі вырашыў не станавіцца ні на чый бок.
Даследчык Піліп Падбярозкін адшукаў у нямецкіх хроніках (хроніка Дзетмара з Любека і пруская хроніка Яна фон Позільге) аповед пра тое, як Ягайла пераняў стомленае маскоўскае войска па дарозе дадому: «Як толькі яны хацелі выправіцца з вялікай здабычай, прыйшлі літвіны ім насуперак, якіх татары прасілі пра дапамогу, і адабралі ў іх здабычу, і знішчылі многіх з іх на полі». Апавядаць пра гэта храністу маглі нямецкія рыцары – удзельнікі выпраў Тэўтонскага ордэна ў ВКЛ, а часам і саюзнікі літоўскіх князёў.
Чаму згадак пра гэта няма ў наўгародскіх ды маскоўскіх летапісах? Ёсць верагоднасць, што ганебны факт выкраслілі, калі «папраўлялі» рускія летапісы ў XV–XVI стcт. з ініцыятывы Масквы.
Іван Жахлівы – прапраўнук князя Вітаўта
Парадокс, але маскоўскія князі, якія давялі ВКЛ да заняпаду, былі нашчадкамі Вітаўта Вялікага – таго, хто зрабіў Вялікае Княства Літоўскае найбольшай дзяржавай Еўропы.
Вітаўт не меў сыноў (малыя Юрый і Іван, атручаныя крыжакамі, – пазнейшая выдумка). А сваю адзіную дачку Сафію ён аддаў замуж за маскоўскага князя Васіля І.
Сваты знайшлі Вітаўта ў 1391 г. у Мальбарку – ён, выгнаны з Літвы Ягайлам пасля грамадзянскай вайны, жыў у крыжакоў. Сафія выправілася ў Маскву морам з Гданьска да Рыгі, а далей сушай праз наўгародскую зямлю. Гэтым шлюбам Вітаўт узмацняў свае пазіцыі ў далейшай барацьбе з Ягайлам, адзначае гісторык Сяргей Палехаў.
Стаўшы вялікім князем, Вітаўт ваяваў са сваім зяцем двойчы – у 1406 і 1408 гг. І абодва разы літоўскае войска не даходзіла да Масквы, справа завяршалася прымірэннем.
Незвычайны факт падаюць польскія храністы: у 1408 г., ледзь падпісаўшы мір, Вітаўт кінуў войска і з’ехаў да жонкі Ганны, якую вельмі кахаў. Войска ж па восеньскім бездарожжы некалькі месяцаў выбіралася з маскоўскіх лясоў.
У часе той вайны на бок Масквы, спаліўшы свае замкі Бранск і Старадуб, перайшоў стрыечны брат і вечны супернік Вітаўта – Свідрыгайла Альгердавіч. Уражаны Васіль І даў яму статусны Уладзімірскі ўдзел. Але неспакойны Свідрыгайла і года там не ўседзеў – выехаў у Арду.
Пасля смерці Васіля І у 1425 г. Сафія Вітаўтаўна прыехала да бацькі і папрасіла ўзяць яе з малым сынам «пад апеку, кіраванне і абарону». Тады Масква, піша Цемушаў, здала свае пазіцыі ў Смаленску, Вязьме, Верхняокскіх княствах, фактычна не ўмешвалася ў дзеянні войскаў ВКЛ супраць Ноўгарада і Пскова.
«Вечны мір» 1449 года быў капітуляцыяй ВКЛ?
У 1430-я гады ВКЛ перажыло крывавую грамадзянскую вайну паміж прыхільнікамі вялікіх князёў Свідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча. У выніку ўладу не атрымаў ні адзін, ні другі, яна дасталася іх пляменніку Казіміру Ягайлавічу. У Маскоўскім княстве прыкладна ў той самы час ішла разня паміж сваякамі Васіля І, у якой урэшце перамог сын Сафіі Вітаўтаўны Васіль ІІ Цёмны.
Абодва вялікія княствы (Маскоўскае і Літоўскае) «пазбавіліся ад унутраных канфліктаў, усталявалі адзінадзяржаўе і пачалі ўзмацняць сваё становішча на міжнароднай арэне», як адзначае Цемушаў, і паміж імі быў заключаны «вечны мір».
Дамова 1449 г. упершыню размежавала іх сферы ўплыву ва Усходняй Еўропе. Казімір абяцаў «не ўступаціся», гэта значыць не прэтэндаваць на Ноўгарад і Пскоў (нават калі тыя самі захочуць), а Васіль ІІ адмаўляўся ад валасцей, прыхільных да ВКЛ, і прызнаваў за разанскім князем права перайсці на службу да Казіміра.
Пасля той дамовы між Літвой і Масквой да 1487 года панаваў мір. Але таксама яна пазначала спыненне экспансіі ВКЛ на ўсход. Ініцыятыва пераходзіла да Масквы.
Вялікі князь Казімір зрабіў памылку, з-за якой ВКЛ згубіла траціну тэрыторыі
Адкат быў імгненны і шакавальны. Усяго 20 гадоў прайшло ад першых памежных сутычак з Маскоўскім княствам да вайны 1500–1503 гг. За гэты час ВКЛ страціла траціну сваёй тэрыторыі: землі па Ацэ, вярхоўскія, северскія княствы, Чарнігаўшчыну. Пазней, у 1514-м, Масква забярэ Смаленск.
Чаму дзяржава, якая цягам 14–15-га ст. дамінавала ва Усходняй Еўропе і паспяхова збірала вакол сябе «рускія» землі, раптам так аслабела? Адной з прычын, піша гісторык Кшыштаф Пяткевіч у кнізе «Вялікае Княства Літоўскае пад уладай Аляксандра Ягелончыка», быў пралік вялікага князя Казіміра (1440–1492), які ствараў на ўсходзе ВКЛ «буферныя зоны», аддаючы вялікія тэрыторыі князям, што перайшлі з маскоўскай службы на літоўскую.
Часта якая-небудзь стратэгічна важная зямля аказвалася ў руках аднога роду. І праз некалькі дзесяцігоддзяў дзеці тых перабежчыкаў вярталіся пад руку Масквы – з усімі падкантрольнымі тэрыторыямі.
Адносіны цэнтральнай улады ВКЛ з усходняй перыферыяй былі пабудаваны на нетрывалым грунце: прывілеі дазвалялі памежным князям адмовіцца ад службы вялікаму князю літоўскаму. Адоеўскія, Варатынскія, Мезецкія перайшлі на маскоўскі бок разам з усімі сваімі ўладаннямі.
Справа была не столькі ў ненадзейнасці або падступнасці тых князёў. Адзін з іх, Сямён Варатынскі, з горыччу пісаў у Вільню, што ў цяжкую хвіліну яго пакінулі сам-насам з ворагам, дапамога не прыйшла. Варатынск у 1489-м вытрымаў аблогу адзінаццаці маскоўскіх ваявод.
У выніку маскоўскага наступу была прабіта лінія абароны ВКЛ па рацэ Угры. Як піша гісторык М. Любаўскі, гэта былі магутныя крэпасці – Белая, Дарагабуж, Вязьма, Варатынск, Мцэнск, – а агульнае вайсковае кіраванне імі, збор і размеркаванне войскаў ажыццяўляліся са Смаленска. Уся абарона ўсходніх зямель ВКЛ замыкалася на гэтым горадзе.
Вільня ў 1494 г. схілялася да таго, каб замірыцца з Масквой любой цаной. Але, выбраўшы ганьбу замест вайны, праз некалькі год ВКЛ атрымала і ганьбу, і вайну.
Маскоўскі князь аддаў дачку замуж у ВКЛ, а потым пачаў з-за яе вайну
Чарговы «вечны мір» 1494 г. не вырашыў тэрытарыяльнай спрэчкі, а яшчэ больш распаліў апетыты Масковіі. Літоўскі бок адмаўляўся ад уплыву на Ноўгарад, Пскоў, Цвер, для Масквы адкрывалася дарога на Смаленск.
І нават даўно запланаваны шлюб вялікага князя літоўскага Аляксандра з дачкой маскоўскага князя Аленай не ўмацаваў мір. Наадварот, нагодай для новай вайны стала тое, што Алену ў ВКЛ нібыта змушаюць пераходзіць з праваслаўя ў каталіцтва.
Гэта была правакацыя: Аляксандр не няволіў жонку зменай веры, і пазней, зрабіўшыся польскім каралём, ён змусіў прызнаць Алену каралевай, хоць палякі хацелі, каб ён развёўся са «схізматычкай».
Івана ІІІ у рэальнасці, відаць, турбавала не веравызнанне дачкі, а працэсы, якія адбываліся ў канфесійным жыцці ВКЛ: ёсць прыкметы, што вялікі князь Аляксандр рыхтаваў царкоўную унію. Таксама Івана ІІІ непакоіла з’яўленне каталіцкіх місій у «рускіх» гарадах – у Полацку, напрыклад, у 1498 годзе з’явіўся касцёл бернардынцаў, а ў школу пры іх місіі, магчыма, хадзіў малы Францыск Скарына.
Іван ІІІ стаў «абаронцам праваслаўя», каб ваяваць з ВКЛ
Расійскі гісторык Якаў Лур’е ў кнізе «Дзве гісторыі Русі 15-га ст.» звярнуў увагу на рэзкую змену планаў Івана ІІІ у канцы 1490-х. Маскоўскія эліты ў той перыяд выбіралі кірунак развіцця – як аказалася, на стагоддзі наперад. Пазбыўшыся залежнасці ад Залатой Арды, падпарадкаваўшы Цвер і Ноўгарад, Масква пачынала змаганне за «рускія» землі ВКЛ. Але для гэтага было патрэбна ідэалагічнае абгрунтаванне.
Іван ІІІ аддаляе ад сябе ўнука Дзмітрыя (сына памерлага старэйшага сына Івана Маладога), якога планаваў зрабіць спадкаемцам. Затое з апалы вяртаецца сын Васіль (будучы вялікі князь маскоўскі і бацька Івана IV Жахлівага) і яго маці Соф’я Палеолаг. Адначасова ў Масковіі пачынаецца пераслед ерэтыкоў – «жыдоўствуючых», якія вызнавалі неартадаксальную версію праваслаўя.
Лур’е меркаваў, што Дзмітрый таксама быў прыхільны да тых празаходніх «ерасяў», як і сам Іван ІІІ раней. Але, абраўшы шлях не на супрацу, а на канфрантацыю з Захадам, ён вярнуўся да традыцыйнай версіі праваслаўя, каб выступаць яго «абаронцам» у часе войнаў з ВКЛ.
Чаму ВКЛ не ўратавала Аршанская бітва, а магнаты так лёгка аддавалі землі Маскве?
У выніку вайны 1500–1503 гг. ВКЛ страціла траціну тэрыторыі. Пасля катастрафічнай паразы ў бітве на рацы Вядрошы ў 1500 г. вялікі гетман Канстанцін Астрожскі, скарбнік Літавор Храптовіч, наймагутнейшыя літоўскія паны трапілі ў шматгадовы палон.
Маскоўскае войска пайшло ўглыб краіны. Упершыню маскоўская вайна закранула сённяшнія беларускія землі. Быў узяты Гомель, разрабаваны і спалены Менск. Гомель заставаўся ў складзе Масковіі да 1535 г., калі яго адбіў гетман Юрый Радзівіл.
ВКЛ так хутка страціла ўсходнія тэрыторыі, піша Пяткевіч, яшчэ і таму, што ў іх не была зацікаўленая асноўная палітычная сіла краіны, «паны-рада». Кязгайлы, Манцігердавічы, Радзівілы, Гаштаўты – нашчадкі «харобрай літвы», баяраў-паплечнікаў Вітаўта, – за некалькі пакаленняў яны ператварыліся ў буйных землеўласнікаў, болей зацікаўленых у эксплуатацыі сваіх маёнткаў, чым у захопе новых тэрыторый. Прычым іх землі рэдка размяшчаліся на ўсход ад Дняпра.
Ужо ў 1514 маскоўскія войскі ўвайшлі ў Смаленск. Хоць Канстанцін Астрожскі, які перад тым уцёк з палону і разбіў маскавітаў у бітве пад Оршай 8 верасня 1514 года, вярнуць горад не змог – ён застаўся ў складзе Масковіі да 1611 г.
Сучасная беларуская мяжа на ўсходзе была вызначана мірам з Масквой 1522 г. – ёй 500 гадоў
ВКЛ у гэтым канфлікце было ў пройгрышным становішчы: Маскве было адкуль чэрпаць рэсурсы, каланізуючы з аслабленнем татарскіх ханстваў усходнія землі. ВКЛ было заціснута паміж Масквой і Польшчай.
Пастаянная небяспека з усходу, што як дамоклаў меч вісела над ВКЛ, была адной з галоўных прычын аб’яднання з Польскім каралеўствам у Рэч Паспалітую ў 1569 г. Жорсткую каталіцкую рэакцыю ў пазнейшыя часы і паланізацыю таксама можна разглядаць як спробу процістаяць маскоўскім ідэалагічным уплывам і няспынным спробам авалодаць «рускімі» землямі.
Памяццю пра тыя войны засталася сучасная ўсходняя мяжа Беларусі ад Краснаполля да Хоцімска – яна была вызначана паводле мірнай дамовы 1522 г.
У ВКЛ за ўсю гісторыю існавання не было іншага такога пастаяннага і паслядоўнага праціўніка, як Масква. Бо Маскве для развіцця патрэбна была тэрыторыя, заселеная нашымі продкамі. Таму заявы пра тое, што «ў сучаснай канцэпцыі гісторыі Беларусі няма вобразу ворага… Гэта канцэпцыя пабудавана ў інтарэсах супольнага цывілізацыйнага развіцця Расіі і Беларусі», – можна ўспрымаць толькі як чарговую спробу перапісаць гісторыю.