Фота: Debby Hudson, Unsplash.com.

Куліч ці бабка, пісанка ці фарбаванае яйка? Зрабілі мануал, як адсвяткаваць Вялікдзень па-беларуску

Фота: Debby Hudson, Unsplash.com.

Зусім хутка беларусы пачнуць адзначаць Вялікдзень – 5 красавіка па каталіцкім календары і 12 красавіка па праваслаўным. CityDog.io вырашыў стварыць мануал для ўсіх, хто заблытаўся ў розніцы паміж яйкамі і пісанкамі, кулічамі і бабкамі. Расказваем, як адсвяткаваць Вялікдзень згодна з беларускімі традыцыямі.

мы здесь
Марыя Грыц, папулярызатарка беларускай культуры, журналістка
папулярызатарка беларускай культуры, журналістка

Каб разабрацца ва ўсіх правілах і нюансах святкавання Вялікадня, CityDog.io звярнуўся да Марыі Грыц, якая займаецца папулярызацыяй беларускай культуры і праводзіць тэматычныя майстар-класы. І вось што мы даведаліся.

– Пытанне «як правільна святкаваць Вялікдзень» вельмі далікатнае, бо тычыцца народнай традыцыі. Лічу, нельга неяк няправільна адзначаць свята – галоўнае, каб вам было добра на душы. Але падрыхтоўка да Вялікадня вельмі істотная і займае нават больш часу, чым непасрэдна сам дзень. Больш за тое, Вялікдзень убірае ў сябе такую вялікую павуціну традыцый, што нават кожны асобны элемент цалкам самастойны.

Як правільна казаць па-беларуску: «Вялікдзень» ці «Пасха»?

– Вялікдзень. Бо слова «Пасха» – па-руску. Наша слова сыходзіць каранямі ў глыбокую традыцыю. Для вернікаў гэта «вялікі дзень» і цуд, які паказаў, што Хрыстос не проста чалавек – ён уваскрос.

У паганскай традыцыі Вялікдзень уваходзіць у шэраг вясновых свят, калі людзі адзначалі заканчэнне зімы. Бо ў тыя часы перажыць зіму было сур’ёзным выклікам – надыход вясны лічылі вялікай радасцю. Таму ў гэтым свяце шмат салярных (сонечных. – Рэд.) знакаў – напрыклад, яйкі. Іх фарбавалі ў адпаведны чырвоны колер.

А што такое «чысты чацвер» і калі ўвогуле пачынаць святкаваць Вялікдзень?

– Падрыхтоўка да Вялікадня – таксама частка свята. Бо калі паглядзець на перадсвяточны тыдзень, то кожны з дзён да чагосьці прымеркаваны, каб можна было пакрысе падрыхтавацца да Вялікадня. За гэты час вернікі максімальна абмяжоўваюць сябе, каб падрыхтаваць цела і думкі да свята.

У нашай сям’і ўсё пачыналася з прыбірання, нібыта Хрыстос мусіў уваскрэснуць літаральна ў нас дома. Калі мы кажам пра непасрэдна ўрачыстую частку свята – гэта святочная імша ў каталікоў і праваслаўных.

Чысты чацвер адзначаюць за тры дні да Вялікадня. Бо, згодна з Бібліяй, за тры дні да распяцця Ісус сабраў апосталаў на Тайную вячэру. Адпаведна традыцыі, у гэты дзень трэба прыбраць кватэру, а таксама пачаць гатаваць бабкі і фарбаваць яйкі.

Святочная (велікодная) імша пачынаецца ў ноч на нядзелю, прыкладна за паўгадзіны да надыходу Вялікадня.

Фарбаванае яйка ці пісанка: якая традыцыя ўласціва беларусам?

– Скажу шчыра, не вельмі разумею, калі для фарбавання яек выкарыстоўваюць пластыкавыя налепкі з абразамі святых. А пасля абдзіраюць іх і выкідаюць у смецце, усё ж такі ў такім выпадку традыцыя накіроўваецца не ў той бок. Але, калі мы разглядаем традыцыйны роспіс яек, тут ёсць некалькі варыянтаў.

Яйка-пісанка. Яйка распісваюць адмысловай палачкай, на якую наносіцца воск. Пасля яйка вымочваюць у фарбе – атрымліваецца сапраўды магічны ўзор. Дарэчы, у розных рэгіёнах Беларусі яйкі-пісанкі маюць адметнасці. Напрыклад, на поўначы больш графічны роспіс, на поўдні – кветкавыя і раслінныя матывы. А на Гарадзеншчыне ўвогуле ёсць уласны матыў – чорнае яйка, колер якога дасягаецца дзякуючы ржавым цвікам.

Выдзьмутае яйка. У першую чаргу такое яйка служыла дэкаратыўным элементам на свята. З яйка выдзімаліся бялок і жаўток, заставалася толькі шкарлупіна, якую таксама распісвалі або ўпрыгожвалі велікоднымі саламянымі павукамі.

Яйка для варажбы. Такое яйка не вараць (каб яно захоўвала жыццё), а распісваюць з адмысловымі думкамі або нават прагаворваючы пэўную замову. І тут прасочваецца вельмі цікавае нітаванне паганства з хрысціянствам, бо гэта яйка ставілі за ікону – нібыта ў такім выпадку замова працавала яшчэ лепей.

Яйка-драпанка. Для такога ўзору трэба ўзяць карычневае яйка і на яго шкарлупіне іголачкай выдрапаваць узор. Гэты метад можна параўнаць з ювелірнай працай – у Беларусі ёсць майстрыцы, якія дзякуючы гэтай тэхніцы ствараюць сапраўдныя творы мастацтва. З такімі яйкамі не пагуляеш, іх трэба захоўваць у музеі.

Яйкі-драпанкі

Яйкі-драпанкі. Фота: Commons.wikimedia.org.

Яйкі-кропанкі. На яечка кроплямі наносіцца воск, а пасля – фарба. Атрымліваецца рабое яйка, якое вельмі любяць дзеткі.

Яйкі-кропанкі

Яйкі-кропанкі. Фота: Unsplash.com.

Фарбаванне яек – гэта цэлы працэс, які патрабуе засяроджвання і часу. Вельмі гаюча, калі ў цябе дома пахне воскам або саломай падчас выраблення павука – на маю думку, гэта сапраўдная медытацыя па-беларуску.

А што наконт бабкі?

– У выпяканні бабкі таксама ёсць свае трэнды. Напрыклад, сёлета я бачыла, што бабку робяць з белай глазурай, якую падпальваюць гарэлкай. Раней былі папулярны бабкі, прапітаныя алкаголем, а часамі пануе класіка – звычайнае цеста з рознымі відамі глазуры.

Але ў кожнай гаспадыні – сваё бачанне, і цалкам нармальна, калі хтосьці робіць бабку з начыннем, а хтосьці – без, або робіць цеста ці то на алеі, ці то на жаўтках. На маю думку, гэта толькі ўзбагачае традыцыю. Напрыклад, у нас дома бабкі пякліся ў аб’ёмах прамысловай вытворчасці. Вялікая бабка – для сям’і, маленькія на падарункі хросным, – тлумачыць Марыя.

Як правільна па-беларуску: «куліч» ці «бабка»?

Згодна з беларускай традыцыяй, ужыванне слова «бабка» больш дакладнае, а вось «куліч» лічыцца русізмам. Па словах мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, нават не ва ўсёй Расіі выкарыстоўваецца слова «куліч». Напрыклад, на паўднёварасійскіх тэрыторыях кажуць «паска», як і ва Украіне.

У беларускіх гаворках поўначы і паўночнага захаду велікодны пірог могуць назваць «бабка», «баба», «булка». А ежа, якую прыносяць у царкву ці касцёл, называюць «паска».

У царкве можна свяціць толькі бабку?

– Традыцыйна ў царкве асвячаюць бабку і яйкі. Але я бачыла, што людзі нясуць літаральна ўсё: віно (яно сімвалізуе кроў Хрыста), каўбасы – агулам тое, што пасля з’явіцца на Велікодным стале.

Як правільна вітацца на Вялікдзень?

Вітанне: «Хрыстос уваскрос!»

Адказ: «Сапраўды ўваскрос!»

Велікодны стол: калі за яго садзімся і якія стравы ямо?

– Традыцыйна Вялікдзень пачынаецца з урачыстага сняданка ў нядзелю. Памятаю, як у маім дзяцінстве бабуля на ўсіх нас крышыла асвячонае яйка – гэта была першая страва, якую мы з’ядалі. Але ведаю выпадкі, калі традыцыя прадугледжвае і велікодную вячэру. У маім бацькоўскім доме гэта быў увогуле велікодны фестываль: запрашалі ўсіх сваякоў і святкавалі з ранку да вечара.

На велікодным стале абавязкова павінна быць бабка і яйкі. Таксама можна дадаць Пасху – традыцыйная страва, якую гатуюць з вывараным тварагом і ваніллю, а затым фармуюць праз спецыяльныя формачкі з літарамі «ХВ», – распавядае Марыя.

Традыцыйна на Велікодны стол выстаўляюць няпосныя стравы. Акрамя бабкі і яек, беларусы частаваліся каўбасамі, кумпякамі, пірагамі з журавінамі і булачкамі ў выглядзе птушачак (яны сімвалізавалі надыход вясны).

Сярод беларускіх каталікоў было прынята выстаўляць вяндліну, хрэн, перац і соль, бо гэтыя стравы адпавядалі біблейскай традыцыі.

 

А навошта людзі б’юцца яйкамі?

– Біткі – гэта адна з галоўных гульняў на Вялікдзень. Гэта таксама традыцыя, бо раней людзі былі не такімі заможнымі і выіграць яйка лічылыся сапраўдным дасягеннем. Цяпер жа яйкі можна знайсці ў кожнай краме, але спартыўны інтарэс застаўся. Раю заціскаць яйка ў кулак і біцца вострай часткай – верагоднасць перамогі адразу ўзрасце.

Для цяперашніх дзетак цалкам нармальная гісторыя, калі яны атрмліваюць шакаладныя яйкі ад кролікаў. Гэта не беларуская традыцыя – прыйшла з Захаду. Для мяне дзіўнавата, але чаму не, калі дзецям падабаецца.

Ці трэба дарыць падарункі на Вялікдзень?

– У нашай традыцыі няма адмысловых падарункаў на Вялікдзень, у прыватнасці для дзяцей (тады як у заходняй традыцыі дзеткам прэзентуюць шакаладныя яйкі). Звычайна ў нас можна пачаставаць блізкіх бабкай і яечкам.

Таксама ў нашай традыцыі ёсць адмысловыя валачобныя спевы на Вялікдзень. Як і на каляды, людзі хадзілі ад двара да двара, спявалі і атрымлівалі яйкі. Цікава, што ў савецкія часы, калі славіць Бога было немагчыма, валачобнікі замянялі ўзгадкі Хрыста на нешта «нейтральнае».

Вялікдзень могуць святкаваць тыя, хто не вераць у Бога?

– Я веру ў традыцыю і ў тое, што Вялікдзень – гэта спадчына маіх бабуль. Таму лічу вартым гэта працягваць, бо моц традыцыі дапамае трымаць псіхалагічны стан. У традыцыйнай культуры ёсць колазварот, які ніколі не сканчваецца – гэта падсілкоўвае.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

#Беларусь
Еще по теме:
«На стале абавязкова павінен быць грыбны квас». Расказваем, як святкаваць Каляды
Чем заняться в Минске в апреле? Вот 14 важных дел на середину весны
Куда пойти
поделиться