Куды вам паехаць на актыўны адпачынак – гід ад 60-гадовага мінчука, які вандруе бесперапынна

Куды вам паехаць на актыўны адпачынак – гід ад 60-гадовага мінчука, які вандруе бесперапынна
Разам з МТС мы ствараем рубрыку “Натхняльнікі” пра актыўных мінчукоў “залатога веку”. Наш сённяшні герой у свае 60 робіць водныя і роварныя вандроўкі, мае тытул КМС па спартыўным турызме і нават узбіраўся на сямітысячнік.

Разам з МТС мы ствараем рубрыку “Натхняльнікі” пра актыўных мінчукоў “залатога веку”. Наш сённяшні герой у свае 60 робіць водныя і роварныя вандроўкі, мае тытул КМС па спартыўным турызме і нават узбіраўся на сямітысячнік.

З Лявонам Мацукевічам мы сустракаемся ў парку Чалюскінцаў – пасля працы ён прыехаў сюды на ровары.

Заўсёды так ездзіце па горадзе?

– Я лічу, што ровар мае сэнс толькі тады, калі ўжываеш яго як транспартны сродак. А калі ты набыў яго толькі з мэтай пакатацца, рабіць гэтага ты ніколі і не будзеш, – смяецца суразмоўца. – Да працы мне ехаць 16 кіламетраў: ад Малінаўкі да былога аўтавакзала ў Серабранцы. Раніцай 45 хвілін у адзін бок – столькі ж вечерам у другі.

Калі дождж, канечне, еду на машыне. Але ўчора, напрыклад, прыехаў на працу па добрым надвор’і, а ўвечары яно сапсавалася – давялося дахаты гнаць як ёсць. Нічога: мокраму дождж не страшны. Ды і ў параўнанні з тым, што бывае ў вандроўках, гэта проста божая раса.

Хто такі гэты дзядзька Лявон?

Пра надвор’е ў вандроўках дзядзька Лявон ведае не па чутках: за яго плячыма дзясяткі тысяч кіламетраў, пройдзеных пехам, на лыжах, адмераных коламі ровара і даўжынёй вясла байдаркі. Але ўсё гэта з’явілася ў яго жыцці ў сталым веку – да 28 гадоў яму нават цяжка даваўся бег.

– У 1987-м мяне прызвалі на афіцэрскія зборы ў савецкае войска. Іду неяк ля стадыёна, а там у салдат заняткі па фізічнай падрыхтоўцы – і ўсе бягуць! Мне стала няёмка перад самім сабой, і па вечарах ціхенька, каб ніхто не звяртаў увагі, я стаў выходзіць на стадыён: боты, гімнасцёрка, галіфэ – і пабег.

Бягу – задыхаюся, нешта не тое. Толькі праз тыдзень адчуў: вось яно, пайшло! Аказалася, я няправільна дыхаў. Не скажу, што зараз я вельмі хуткі, але бегчы магу бясконца.

“З дзяцінства ў мяне цяга да ровара, лыжаў ды водных вандровак. Калі я быў класе ў трэцім, каля маіх родных мясцін прайшлі байдаркі – такія рознакаляровыя і яркія, што мне таксама вельмі захацелася калі-небудзь паплаваць на іх”.

Толькі ў 1994-м Лявон выправіўся ў сваю першую вандроўку. На два тыдні яны з калегам і ўсей сям’ёй паплылі па рэках Ушача і Дрыса – ды зноў стоп: дачка і сын у падлеткавам узросце не вельмі захапляліся такім адпачынкам.

Толькі калі дзеці падраслі, Мацукевіч пачаў кожныя выхадныя хадзіць у вандроўкі зноў.

Катэгарыйныя лыжныя, пешыя, горныя і велапаходы далёка за межамі Беларусі і шматлікія вандроўкі выхаднога дня па нашай краіне і бліжэйшым наваколлі – зараз ён водзіць туды дзясяткі людзей у год. І гэта не толькі яго сям’я, але і шмат моладзі, якую дзядзьку Лявону ўдалося зацікавіць сваім энтузіазмам. Дарэчы, робіць ён гэта зусім бясплатна.

Водныя вандроўкі: прытокі Нёмана ў Беларусі і вандроўкі па расійскай Карэліі

– На пачатку турыстычнага шляху я лічыў сябе воднікам: хадзіў па беларускіх рэках Іслач, Заходняя Бярэзіна, Нёман, Рыбчанка, Бобр, Бярэзіна, Ясельда, Піна і Прыпяць.

Нашы рэчкі я вельмі люблю і нават неяк шкадую дзяліцца маршрутамі (смяецца). Вось у мінулыя выхадныя, напрыклад, мы хадзілі па Суле – гэта правы прыток Нёмана. Рэчка нешырокая, чыстая і светленькая. Наш маршрут па ёй атрымаўся каля 60 кіламетраў.

А пару дзён таму вярнуўся з вандроўкі па Усе – гэта адзін з верхніх прытокаў Нёмана. Маршрут вельмі цікавы, але для двух дзён вельмі напружаны і нават марафонскі: 83 кіламетры, таму тут патрэбна падрыхтаваная каманда.

Акрамя Беларусі магу параіць водныя маршруты па Карэліі. Там я два тыдні хадзіў па Воньзе – гэта далёка не самая складаная вандроўка, але ёсць там некалькі даволі сур’ёзных парогаў, таму трэба ўсё ж быць падрыхтаваным.

У выніку мы выйшлі ў Белае мора, і быць на байдарцы сярод вялікіх хваль – досыць моцнае ўражанне. Калі надумаеце, ідзіце ў Карэлію недзе пасярэдзіне жніўня, калі белыя ночы сканчаюцца, інакш страціце арыентацыю ў часе (смяецца).

Роварныя вандроўкі: Літва і Партугалія

– Калі вы аматар ровара, я вельмі раю з’ездзіць на Куршскую касу ў Літве – гэта сапраўдная Мека для раварыста. Там вельмі прыгожа, а інфаструктура ідэальна падрыхтавана, каб адпачнуць і душой, і целам.

Лепш ехаць са сваімі роварамі, таму што невядома, што возьмеш у пракат на месцы. Абавязкова трэба браць з сабой і рамонтны набор.

Мы даязджалі да Клайпеды, там пакідалі аўтамабілі, пераязжалі заліў на пароме і потым ехалі ўздозж Куршскай касы. Начавалі ў намётах, бралі з сабой газавую гарэлку, а ежу куплялі ў курортных пасёлках.

Потым вярталіся назад, ехалі да Польшчы праз Калінінградскую вобласць, а там зноў сядалі на ровары. Балтыйская каса абсталявана не так добра, затое вада там цяплейшая.

Напрыканцы наведалі замак Мальбарк, які некалі быў рэзідэнцыяй крыжакоў. Калі хочаце дадаць да вандроўкі культурную частку, раю заехаць туды. У цэлым на гэты шлях хапае дзён 8-10. Дарэчы, уся вандроўка абышлася нам у раёне 60 еўра на чалавека – амаль бясплатна.

Увогуле вандраваць можна даволі бюджэтна. Напрыклад, васьмідзённая велавандроўка па Партугаліі ад Лісабона да Порту па ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна каштавала кожнаму ўдзельніку прыкладна 350 еўра – для такога паходу гэта зусім няшмат.

Арэнда ровараў там каштуе каля 20 еўра ў суткі, таму вырашылі ўзяць свае. Папрасілі ў спартыўнай краме скрыні, паклалі туда ровары і здалі ў багаж. Адсюль ехалі на аўтобусе да Варшавы, потым пагрузіліся ў самалёт і праз чатыры гадзіны былі на месцы.

Так здарылася, што я прыляцеў на дзень раней за сваю групу і вымушаны быў чакаць рабят у Лісабоне. Спыніўся ў каўчсёрфера Антоніа: ён зрабіў мне невялікую экскурсію па старым горадзе, накарміў традыцыйнай партугальскай ежай, якая аказалася проста варанай марской рыбай з бульбай.

На наступны дзень прыехалі мае таварышы, і мы паехалі ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага акіяна да Порту.

Не ведаю, як у кантынентальнай частцы краіны, але ў Лісабоне, Порту і па ўзбярэжжы паміж імі для раварыстаў створаны цудоўныя ўмовы. Для мацнейшых ёсць экалагічныя сцяжыны, дзе можна адчуць сапраўдны экстрым, для менш падрыхтаваных – веласцяжыны. І паўсюль адчуваецца, што раварыст у Партугаліі – асоба паважаная.

Прырода таксама ўражвае: вакол зарасці квітнеючых рададэндранаў, шмат эўкаліптаў, якія завезлі сюды з Аўстраліі; зараз яны тут – прычына шматлікіх пажараў.

А сонца пячэ бязлістасна, нягледзячы на раннюю вясну. Таму нават таўстаскуры я аблез так, што скураныя лахманы чапляліся за ўсё што можна. Пры гэтым тэмпература акіяна – градусаў 15, што нас не спыняла, бо дзе яшчэ знойдзеш такія цудоўныя пляжы?

На жаль, мы не ўлічылі пануючы напрамак ветру падчас нашай вандроўкі, і ўвесь час ён моцна дзьмуў нам у твар. Калі б мы пачалі паход у Порту і рухаліся ў бок Лісабона, было б значна лягчэй.

Горы: для пачаткоўцаў – Карпаты, для падрыхтаваных – Эльбрус і пік Леніна

– А што тычыцца гор, я лічу сябе больш лыжнікам, чым альпіністам. Але быў на сямітысячніку: хадзіў на пік Леніна на Паміры, і гэта была самая складаная вандроўка.

Эльбрус быў маім першым паходам на высокую гору, і менавіта тады я адчуў, што такое разрэджанае паветра, нізкі атмасферны ціск і недахоп кісларода, калі пасля двух дзясяткаў маленькіх павольных крокаў рвуцца лёгкія і пульс шкаліць за 200. Дарэчы, з ўсёй нашай групы я адзіны, хто здолеў дабрацца да вяршыні.

Тры гады таму вадзіў групу на Казбек – з гэтай вандроўкай мы занялі першае месца на чэмпіянаце Мінска і другое – у Беларусі. Быў на Каўказе, у Хібінскіх і Лавалерскіх тундрах, на Палярным і Прыпалярным Урале, у тым ліку на вышэйшай кропцы Урала гары Нарада.

Пачаткоўцаў ваджу ў Карпаты. Гэта цудоўныя горы, і той, хто думае, што 2000 кіламетраў – гэта несур’ёзна, памыляецца.

Сапраўды, там няма праблем з дыханнем і складаных перавалаў, але каб адчуць, што такое горы, калі ты ніколі там не быў, – самае то. Летась на 12 дзён я вадзіў туды свайго сына, унука і зяця, і пасля вандроўкі яны сказалі, што зараз ведаюць, што такое горы. І я не ўпэўнены, што ўсе з іх пасля гэтага захочуць пайсці на большую вышыню, – для гэтага трэба мець іншую падрыхтоўку.

Па Карпатах можна скласці вельмі разнастайныя і прыгожыя маршруты рознай даўжыні і складанасці. Але я імкнуся пазбягаць распіяраных папсовых месцаў, дзе ходзяць натоўпамі, – вельмі цаню пачуццё адарванасці ад цывілізацыі.

А ў пачатку ліпеня мы вярнуліся з пешай вандроўкі па гарах Нарвегіі – яны таксама невысокія, але, што цікава, там вельмі добра відаць градацыю па кліматычных зонах. Уздымаешся метраў на 500 – растуць грыбы, яшчэ вышэй цвітуць рабінкі, на 1000 метраў пайшла марошка, далей ужо тундра, дзе сцеліцца карлікавая бярозка, а вышэй – голае каменне. Цікава і вельмі прыгожа.

Беларусь, вядома, сінявокая, але такіх сініх вокаў, як у Нарвегіі, у нас усё ж няма. Мабыць, за кошт утрымання іонаў медзі ў вадзе ўсе горныя вадаёмы такія блакітныя.

“Група, якая шла па нашым маршруце, трапіла ў лавіну. Чацвёра загінулі – мы бачылі іх пакарабачаныя лыжы”

Сям’я Мацукевіча падтрымлівае і ганарыцца актыўнасцю бацькі і дзеда, але ўсё адно перажывае. І нездарма: небяспечных гісторый у вандроўках заўсёды хапае. Дзядзька Лявон смяецца, што ля дома і цэглу можна галавой злавіць. Але пагаджаецца: былі выпадкі, калі ён сапраўды рызыкаваў.

– Адзін з такіх быў падчас лыжнай вандроўкі па Хібінскіх і Лавазёрскіх тундрах – гэта была пятая катэгорыя складанасці з шасці. Трэба было падняцца на даволі складаны перавал, потым кіламетраў пяць ісці па плато і спусціцца ў іншым месцы. Усё гэта трэба было прайсці за дзень, таму цяжкія рэчы мы пакінулі да вечара ў лагеры, які разбілі ўнізе.

Выходзім – сонейка свеціць, снег іскрыцца, ну проста свята. Ідзём на лыжах, лезем па вяроўках, ступені рубім – і чым далей, тым больш узманяецца вецер, мутнавата становіцца. Падняліся, перакусілі, а бачна ўжо зусім пагана – метраў на 100. Воблака села на перавал.

Пачало цямнець, мароз градусаў 15, вецер сячэ, снег ідзе, а ўсе нашы рэчы ўнізе – газа, ежы, вады няма. Ну што рабіць, трэба закапвацца ў снег.

Раніцай надвор’е не змянілася, але трэба было ісці далей. Узняліся навобмацак, амаль не згубілі кіраўніка, блыталіся да самай цемры і толькі пад вечар здолелі спусціцца. Выйшлі на нейкія склады, нас адвезлі у горад Кіраўск, а там мы даведаліся, што на нашым маршруце, толькі з іншага богу, гэтай ноччу трапіла ў лавіну брэсцкая група.

Чацвёра загінулі, а двое засталіся жывымі толькі з-за таго, што вырашылі спыніцца ды надзець балаклавы. Праз пяць дзён мы праходзілі гэта месца – бачылі іх пакарабачаныя лыжы.

Навошта яму гэта ўсё?

– Усе свае адпачынкі я правожу ў вандроўках, а часам бяру і выхадныя за свой кошт, – расказвае дзядзька Лявон. – Бывае, лезеш на перавал, цягнеш на сабе кілаграм 40, у роце перасохла, у твар дзьме халодны вецер са снежнай крошкай: “Ёлкі зялёныя, у свой адпачынак, за свае грошы і такія пакуты трываць?” Але без гэтага я не магу.

Навошта я ўсё гэта раблю? Гэта пытанне мне задаюць часта. Але тут, як у дзіцячай кнізе “Чараўнік Ізумруднага горада”, кожны ідзе па сваё. Так і я: штораз вяртаюся іншым чалавекам. І гэты чалавек падабаецца мне больш, чым той, што быў раней.

 

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: CityDog.by, з архіва героя.

УП «Проспектпресс», УНП 101520868

поделиться