Люди, истории
CityDog.io

Цуд нейкі! Беларуска стварае казачныя ўпрыгажэнні з металу – паглядзіце, як гэта прыгожа!

Цуд нейкі! Беларуска стварае казачныя ўпрыгажэнні з металу – паглядзіце, як гэта прыгожа!
Кацярыне Дарожка 27 гадоў. У 19 яна вырашыла, што не хоча працаваць у офісе, і адкрыла ювелірную майстэрню Do.jewelry. Ужо 8 гадоў яна пераносіць свае малюнкі на метал. Яе працы халодныя, як цёмны лес, а сюжэты ўпрыгажэнняў адсылаюць да казак, настолькі яны кранальныя і моцныя адначасова.

Кацярыне Дарожка 27 гадоў. У 19 яна вырашыла, што не хоча працаваць у офісе, і адкрыла ювелірную майстэрню Do.jewelry. Ужо 8 гадоў яна пераносіць свае малюнкі на метал. Яе працы халодныя, як цёмны лес, а сюжэты ўпрыгажэнняў адсылаюць да казак, настолькі яны кранальныя і моцныя адначасова.

Пра адказнасць і адкрыццё сваёй майстэрні: «На афіцыйную працу я хачу стабільна раз на год, увосень»

У дзіцячых анкетах у графе «праца мары» маленькая Каця заўсёды запісвала «офісная супрацоўніца». У радку «хобі» пазначала «ювелірныя ўпрыгажэнні». Дзяўчынцы здавалася, што ў дарослых разам са сталеннем магічным чынам становіцца больш гадзін у сутках. Менавіта таму, разважала Каця, у старэйшых ёсць і пастаянная праца, і час для сваіх захапленняў. Ужо калі дзяўчынка вырасла, яна зразумела, што гэта не зусім так.

– Я заўсёды была ўпэўнена, што буду займацца графічным дызайнам, якому навучалася ва ўніверсітэце. Як можна кінуць нешта, чым займалася так доўга? Ювелірку я не ўспрымала як нешта сур’ёзнае, – расказвае Каця.

Аднак усё выйшла крыху інакш. Адразу пасля выпуску з універсітэта дзяўчына схадзіла толькі на два сумоўі. Вакансіі былі звязаны з дызайнам рэкламы, на які і вучылася Кацярына. Ішла выпускіца на іх неахвотна – больш хацелася працаваць з упрыгажэннямі.

Тады сярэдні заробак па Мінску быў 500 рублёў, якраз такую суму і прапаноўвалі ў офісе. Кацярына паспяхова праваліла тэставыя ўсюды і вырашыла пагутарыць з бацькамі наконт сваёй мары.

– Я паставіла сабе мэту – зарабіць 500 рублёў на месяц на ўпрыгажэннях. Вырашыла, што калі патрэбная сума назбіраецца, то застануся ў гэтай справе і буду развіваць свой брэнд. Калі не – знайду стабільную працу.

Бацькі падтрымалі рашэнне Кацярыны. Па словах дзяўчыны, было вельмі важна атрымаць іх ухваленне: не кожны зможа пасля 5 гадоў універсітэта ізноў вучыцца днямі, развіваць сваю справу і асабліва не зарабляць на гэтым. Без матэрыяльнай падтрымкі з боку бацькоў нічога не атрымалася б.

Праца на сябе вельмі хутка навучыла Кацярыну распараджацца грашыма і несці адказнасць. Дзяўчына адзначае, што яна заўсёды ведае, колькі ёй трэба зарабіць, каб хапіла і на свае патрэбы, і на развіццё справы. Бо ў працы над уласным брэндам акрамя запланаваных трэба ўвесь час улічваць непрадбачаныя выдаткі.

– А на стабільную працу мне часам таксама хочацца. Звычайна восенню. Гэта той перыяд, калі мала заказаў і я сяджу амаль без справы. Я разумею, што на любой працы ёсць свае цяжкасці. Хаця мне значна камфортней і цікавей несці адказнасць за сябе ва ўсім.

Бацька Кацярыны да гэтага часу стварае вялікія праекты з металу.

Пра сябе дзяўчына кажа, што яна самавучка. Прыйшла ў ювелірку метадам спроб і памылак.

– Калі ў мяне з’явілася жаданне ствараць свае ўпрыгажэнні, я адразу расказала пра гэта тату. Мне трэба было недзе навучацца гэтай справе. Так ён пазнаёміў мяне са сваёй знаёмай-ювелірам, я некалькі месяцаў вучылася. Праўда, сваёй прылады ў мяне тады не было, а фонам яшчэ ішла вучоба ва ўніверсітэце, таму практыка па ювелірнай справе ішла не вельмі актыўна.

Інструменты для працы дзяўчына цягала ў свайго таты. Гэта былі вялікія пілкі, як у хлопцаў у школах. Працаваць з маленькімі ўпрыгажэннямі імі было практычна немагчыма, затое дзякуючы такому пякельнаму досведу дзяўчына навучылася валодаць імі ў дасканаласці.

– Першапачаткова не было ніякага плану або пошуку свайго стылю. Мне заўсёды падабалася маляваць, і да ювеліркі я шмат малявала ілюстрацый і ўкладвала сілы туды. Таму, калі вучылася працаваць з металам, больш за ўсё мне хацелася папяровыя карцінкі ператвараць у нешта цвёрдае, – успамінае дзяўчына.

Выкладваць свае працы ў інтэрнэт Кацярына пачала спантанна. Па яе словах, галоўным матыватарам у той момант былі «прыемныя каментарыі». Яе ўпрыгажэнні – гэта спалучэнне прыроднай фактуры, халоднага бляску металу і наіўных сюжэтаў.

Некаторыя ідэі для прац дзяўчына бярэ з дзіцячых успамінаў. Напрыклад, брошка «Кура» нагадвае Кацярыне пра летнія школьныя канікулы, якія яна праводзіла ў бабулі ва Украіне.

– Кожнае лета я ездзіла да яе на вёску. Каля дома былі высокія гліняныя горы, з якіх пасля дажджу можна было катацца на попе ў светлых шортах. Я памятаю курэй, індыкоў, коз, кароў. Там было абсалютнае пачуццё свабоды, – успамінае Кацярына.

Каштуюць яе працы ў сярэднім каля 100 рублёў. Самымі дарагімі выходзяць тыя, што на замову. Там Кацярына ўлічвае пажаданні замоўцы і арыентуецца не толькі на свой густ. Акрамя таго, у такіх выпадках трэба паспяваць у тэрмін. Часам даводзіцца рабіць выпрабавальнае ўпрыгажэнне, каб паглядзець, як будзе выглядаць новая фактура, якую раней дзяўчына не выкарыстоўвала. З-за падобных нюансаў кошт гатовага вырабу павялічваецца.

Упрыгажэнні з больш лаяльным коштам – тыя, што застаюцца ў наяўнасці. Часам Кацярына разумее, што ёй не падабаецца фактура ці малюнак, тады яна можа зрабіць кошт вырабу ніжэйшым.

– Мне так спакайней, а камусьці захочацца купіць менавіта гэту працу.

Пра планы на пераезд: «Сумую па адэскіх маркетах, хоць і ведаю, што як раней ужо не будзе»

Па словах Кацярыны, тэма з ювелірнымі ўпрыгажэннямі абсалютна не развіта ў Беларусі. За базавымі расходнымі матэрыяламі ў выглядзе пілак або лобзікаў прыходзіцца выязджаць у суседнія краіны. З візавымі абмежаваннямі рабіць гэта стала больш складана.

Летась дзяўчына загарэлася пераездам ва Украіну. Там у яе застаўся бацькоўскі дом, які яна магла б перарабіць у вялікую майстэрню. Там і на маркетах яе працы купляюць вельмі добра.

– Пасля першага маркета ў Адэсе адчуванне самакаштоўнасці развілося да нябёсаў. На той момант я ўжо тры гады ўдзельнічала ў падобных выставах, але яны заўсёды праходзілі хутчэй як праца. А ў Адэсу хтосьці нават прыязджаў спецыяльна, каб убачыць мае ўпрыгажэнні ўжывую.

Ідэя пераехаць ва Украіну так і засталася толькі ў галаве. Кацярына прызнаецца, што не ведае, калі ёй зноў удасца трапіць туды. А пакуль усе свае эмоцыі і мары дзяўчына ператварае ў вытанчаныя працы, якія замест яе вандруюць па свеце.

 

Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Фото: архіў гераіні.

#Беларусь
поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter