«Вышыты ручнік вылечваў людзей». Мінчанка стварае ўпрыгажэнні па матывах беларускіх арнаментаў – паглядзіце

«Вышыты ручнік вылечваў людзей». Мінчанка стварае ўпрыгажэнні па матывах беларускіх арнаментаў – паглядзіце
Гэта майстрыха з Мінска робіць з пацерак (бісеру) неверагодныя ўпрыгажэнні. Натхняюць яе на працу беларускія народныя матывы і сюжэты па іх.

Гэта майстрыха з Мінска робіць з пацерак (бісеру) неверагодныя ўпрыгажэнні. Натхняюць яе на працу беларускія народныя матывы і сюжэты па іх.

Дарка (31)

майстрыха

Захапленне беларускім рукадзеллем у Даркі пачалося з дзяцінства. Дзяўчынка часта назірала за сваёй бабуляй, якая працавала над рушнікамі. Менавіта яна і навучыла Дарку вышываць. Спачатку былі простыя кветкі, пасля ўсё больш і больш складаныя ўзоры – так у нейкі момант наша гераіня пачала рабіць з пацерак упрыгажэнні.

– У мяне ёсць дзве любімыя кнігі: «Беларускі арнамент і ткацтва» і «Повязь часоў. Беларускі ручнік». Па іх я працую, імі натхняюся. Магу гартаць і чытаць іх гадзінамі, каб кожны раз браць адтуль новыя веды.

Мне здаецца, што пацеркі самі абралі мяне. Аднойчы хацела сесці павышываць, каб успомніць, як гэта робіцца, бо ўсё ніяк не даходзілі рукі. І тут гартаю стужку ў Instagram, на вочы трапляецца відэа, дзе дзяўчына робіць бранзалет з пацерак на звычайнай картонцы.

Пасля гэтага – усё: ноч не спала, а з ранку паляцела ў краму, каб купіць самыя танныя пацеркі і паспрабаваць зрабіць штосьці самой. Я была неверагодна рада, калі атрымаўся бранзалет – крывенькі, але мой. Пасля гэтага ўспомніла, што ў мяне ёсць спампаваная кніга пра арнамент. З гэтага і пачалася гісторыя майго хобі.

Гэта гарлячка зроблена па матывe вясельнай посцілкі.

 


 

За кожным арнаментам стаіць свая гісторыя: «Вышыты ручнік ці посцілка вылечвалі людзей»

– За кожным сімвалам у арнаменце стаіць нейкая гісторыя. Любая посцілка ці ручнік – гэта не проста ўзоры, а нейкая гісторыя. Напрыклад, адна з гераінь кнігі «Беларускі арнамент і ткацтва» казала: «Усё, што я бачыла ў жыцці, што рабіла, як мучылася, як вясялілася, любіла хлопцаў, выходзіла замуж, як мы будавалі дом, кахалі адзін аднаго, – усё гэта я расказвала ў сваіх работах. У іх я уклала ўсё свае сэрца, усю сваю любоў».

Майстры верылі ў моц арнаменту: ёсць шмат гісторый, калі вышыты ручнік ці посцілка вылечвалі людзей альбо выконвалі мары. Шчыра кажучы, не ведаю, як гэта працуе, але нешта чароўнае тут, напэўна, існуе. Гэта ж нашы карані і продкі.

Беларускі арнамент можна вывучаць бясконца, гэта наш самы вялікі скарб. Нягледзячы на тое, што сімвалы вельмі падобныя адзін да аднаго, яны розныя, як і іх сэнс.

Напрыклад, узор «зорка». Ён ёсць ў аснове вобраза маці, чалавека, таксама ён сімвалізуе ўраджай. Але розніца паміж гэтымі «зоркамі» даволі вялікая.

Вобраз маці – зорка, аблямаваная пышным вянком і гірляндай з кветак. Аблямоўка можа быць квадратнай ці васьмікутнай.

Вобраз чалавека – гэта таксама зорка, але не з чатырохкутнай аблямоўкай, а з больш простай, ланцужковай.

Сімвал жолуда – гэта ўжо не «класічная» зорка, а разетка, створаная з чатырох жытнёвых каласкоў.

Навошта гэта ўсё: «Каб людзі натхняліся Беларуссю»

– Я ніколі не працую над упрыгажэннямі, калі ў мяне няма настрою, – прызнаецца Дарка. – Альбо калі раптам адчуваю нейкую збянтэжанасць, то тады таксама праца адразу спыняецца. Таму ў маіх вырабах толькі спакой і сапраўдны беларускі дзэн.

Сваёй працай я б хацела настроіць людзей натхняцца Беларуссю. Гэта адна з асноўных прычын, чаму я гэтым займаюся.

У гэтым упрыгажэнні ёсць матыў дажджу. Тут пялёсткі выглядаюць як кроплі. Працу рабілі па ўспамінах дзяўчыны, якая памятала падобны арнамент у сваёй бабулі.



«Гэта праца называецца “Шчаслівае каханне”. Калі бачыце галубкоў, то гэта балада пра каханне. Калі дзюбкі глядзяць адна на адну, то шчаслівае, узаемнае каханне. А вось калі птушкі павёрнуты хвастамі, то гэта каханне без узаемнасці: сэрца майстрыхі баліць і разбіта».

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: архіў гераіні.

#Минск
поделиться