Люди, истории Гісторыя
CityDog.io
8

“А чым цмокі сілкуюцца? Правільна, дзяўчынамі прыгожымі!” Гісторык пра беларускіх цмокаў

“А чым цмокі сілкуюцца? Правільна, дзяўчынамі прыгожымі!” Гісторык пра беларускіх цмокаў
У хуткім часе ў мінскіх барах з’явяцца кактэйлі, якія назвалі “Цмокамі” – завод “Бульбашъ” аднаўляе беларускія традыцыі на новы лад. Чаму беларусы ўспомнілі пра Цмокаў і адкуль з’явіліся легенды пра іх, мы спыталіся ў гісторыка, кандыдата навук Міколы Півавара.

У хуткім часе ў мінскіх барах з’явяцца кактэйлі, якія назвалі “Цмокамі” – завод “Бульбашъ” аднаўляе беларускія традыцыі на новы лад. Чаму беларусы ўспомнілі пра Цмокаў і адкуль з’явіліся легенды пра іх, мы спыталіся ў гісторыка, кандыдата навук Міколы Півавара.

– Некалькі гадоў таму “Будзьма беларусамі” правяла кампанію “Краіна Цмокаў” – яны вельмі добра падышлі да пытання нашай ідэнтычнасці і пазіцыянавання беларусаў у свеце. Бо хто такі беларус? Якія ў свеце вобразы ёсць? Пан сахі і касы – гэта значыць, такі дзядзька з вусамі, у саламяным капелюшы, можа быць у белай кашулі… Гэта зубры, буслы, Белавежская пушча і партызаны, безумоўна. Гэта нешта такое рахманае, талерантнае. Але ж гэта не тое каб мінулы час, але ўжо навязла ў зубах. І гэта па вялікім рахунку стала міфам.

“Краіна пад белымі крыламі” – гэта прыгожа, канешне, але самая вялікая папуляцыя буслоў у Германіі, а на другім месцы Польшча – у нас жа плошча менш. Таму мне падаецца, што цмокі – гэта такая добрая спроба ў сучасным актыўным і эмацыянальным свеце прадставіць беларуса іншым. І мне падаецца, гэта хораша – бо цмокі ж сусветная спадчына, і ў нас яны, безумоўна, былі – проста пра іх ніхто не згадваў.

– Толькі ж цмокаў ніхто ніколі не бачыў – адкуль узяліся міфы пра іх?

– Цмок, хутчэй за ўсё, паходзіць ад змяі, а ў сусветнай міфалогіі змей – гэта хтанічнае, першароднае баство, якое звязана з зямлёй, яе стварэннем. Цмок уяўляе першабытную моц зямлі. Часта яны дэміургі – тыя, што ствараюць Сусвет ці Зямлю. У вікінгаў і кітайцаў сімвал часу Ураборас – змяя, якая схапіла сябе за хвост. Скандынаўскі Ёрмунганд, біблейскі Левіяфан, Кетцалькаатль ацтэкаў, нагі (трохгаловыя людзі-змеі, якія жылі пад зямлёй у Індыі), вужы ў Літве, Змей Гарыныч, цмокі – усе яны маюць агульнае паходжанне.

Змяя – сімвал дзікіх, першародных сіл, адсюль і вобразы. Прыгадаем старажытную Грэцыю – мы прыязджаем у Калхіду, а залатое руно ахоўвае хто? Цмок! Калі Ясону трэба прайсці выпрабаванні, яму даюць зубы цмока, якія ён сее – і вырастаюць людзі.

Заходнееўрапейскія драконы – злыя істоты, а вось у Кітаі яны добрыя, але могуць і прынесці разбурэнні. Гэта вельмі проста: цывілізацыя старажытнага Кітая ўтварылася на раўніне Хуанхэ – вада і ёсць вобраз змяі, цмока, бо без вады не будзе ўраджаю. Але час ад часу рака можа перамяніць русла на некалькі дзясяткаў, а то і сотняў кіламетраў, а значыць, знішчыць людзей – што і адбывалася. Таму цмок – добрае баство: яго пачытаюць, але трэба быць асцярожным, задабрываць яго.

– А як гэта рака ці змеі ператварыліся для людзей у цмокаў? У вадзяных ці, скажам, паветраных?

– Гэта маглі быць старажытныя знаходкі: убачылі старыя косткі, тых жа дыназаўраў, – значыць, тут былі драконы. Вадзяныя змеі – гэта гіганцкія самы, якіх перыядычна знаходзілі. А вось паветраныя цмокі – гэта даволі рэдкая з’ява, але мне давялося адшукаць, што асацыяцыяй з паветранымі цмокамі былі смерчы. Адсюль Ілля Мурамец і багатыры: яны ж цмокаў знішчаюць не мячом, іх знішчалі вялікім ядром ці каменем – і гэта абсалютна даставерна з пункту гледжання фізікі, бо менавіта так можна рассекчы слуп смерча, ён разбіваецца і знікае. І вельмі верагодна, што гэта было шчырай праўдай тых часоў.

– Можа быць, беларускія цмокі пайшлі ад вужоў?

– Вужы – гэта, хутчэй за ўсё, міфалогія індаеўрапейцаў. Культ пачытання вужоў добра захаваўся ў літоўцаў і крыху ў нас. Калі ўспомніць казкі СССР, то ў беларусаў была казка пра Купалу, а ў літоўцаў – пра Вужынага Караля. Пачытанне вужоў захавалася ў іх на вельмі добрым узроўні: кажуць, яшчэ нядаўна там былі хутары, дзе вужам, якія прыпаўзалі, ставілі сподачак з малаком. Мне калісьці бацька казаў, што ў іх на Палессі быў хутар, дзе жыў вуж, якому падносілі малако. Шэраг даследчыкаў кажа, што гэта немагчыма, бо ў вужоў такі рот, што яны не могуць смактаць, – але слова “цмок” (яно агульнаславянскае, бо і ў чэхаў, і ў палякаў цмокі завуцца гэтак жа), хутчэй за ўсё, паходзіць як раз ад слова “смактаць”. Таму я думаю, што шанаванне вужоў было распаўсюджана і ім падносілі малако як знак пашаны.

– Відавочна, была распаўсюджана думка, што ёсць нейкі Кароль Вужоў, якога шанавалі больш за іншых. І ў яго нават ёсць невялічкая карона – пра гэта ў Беларусі ёсць запісаныя паданні. Напрыклад, Ян Баршчэўскі ў творы “Шляхцiц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” пісаў пра аднаго лянівага хлопца – яму ўжо трэба было жаніцца, але ніхто не хацеў за яго ісці. Хлопец пайшоў на паляванне, дзе сустрэў чорнага сабаку. Пасля з’явіўся чалавек, які спытаўся, чым хлопцу дапамагчы. Той паскардзіўся, што яму кепска жывецца і ён хоча разбагацець. Дык чалавек сказаў, што, калі сустрэнецца хлопцу Вужыны Кароль, трэба пакланіцца і пасцяліць яму насоўку. Так і атрымался: Кароль скінуў на насоўку карону і сказаў: насі яе пад сэрцам. З таго часу справы ў хлопца пайшлі ў гару – і рыба ловіцца, і, як пойдзе ён на паляванне, усе самі прыходзяць да яго і кладуцца: маўляў, страляй!

У літоўцаў, праўда, захавалася больш гісторый пра вужоў, бо яны былі язычнікамі ажно да Ягайлы, да 1387 года. Да нас хрысціянства прыйшло ў 988 годзе, а разам з ім і пісьменнасць – і таму быў вынішчаны цэлы пласт міфаў. Нават не тое каб вынішчаны – проста не запісаны, і захоўваецца ўсё толькі ў выглядзе легендаў.

– А ці ёсць беларускія легенды менавіта пра цмокаў?

– Таксама ў Баршчэўскага: калі іншы чалавек захацеў разбагацець, ён пайшоў да ведзьмака. Вядзьмак сказаў: трэба дачакацца, пакуль чорны певень знясе яйка. Кажуць, гэта лухта, але насамрэч такое адбываецца: гэта вельмі рэдкая з’ява, я на сваім жыцці не бачыў, але чуў. Калі я вучыўся ў 5-м класе, мая аднакласніца прыйшла ў школу і сказала, што ў іх певень знёс яйка. Мы сказалі: так не бывае! Але яно было – маленькае яйка, якое ейны дзед разбіў і зжарыў, бо гэта, лічылася, вельмі моцны афрадызіяк. А вось у апавяданні Баршчэўскага яйка з-пад пеўня трэба было забраць, пакласці ў гной, каб яно трошачкі паспела, а потым цэлы месяц насіць яго пад пахай. Пасля павінны быў вылупіцца цмок, які вырасце і пачне прыносіць золата, срэбра, грошы – карацей, служыць табе верай і праўдай. Так і адбылося: хлопец вельмі багаты стаў. Ажаніўся, але дзяўчына надта прыстойная была – сказала, что гэта не ад Чыстага. Калі паклікалі святара, то ўсё прапала: цмок паляцеў, спаліўшы дом, а хлопец застаўся ні з чым.

– Яшчэ я знайшоў вельмі цікавую легенду ў Нікіфароўскага – пра гару Змеявец, або Змяёўку, яе па-рознаму клічуць. Лічыцца, што гара з’явілася магічным чынам. У ваколіцы аб’явіўся цмок. А чым яны сілкуюцца? Правільна, дзяўчынамі прыгожымі! І калі ён усіх зжэр і перайшоў на непрыгожых… (Смяецца.)

Карацей, людзі сталі пакутваць, сабраліся некалькімі вёскамі і злавілі цмока. Але ж забіць яго было немагчыма, жывёла магічная – не бярэ яго ні пуля, ні шабля, ні сякера. Вырашылі яго засыпаць. Сталі засыпаць, але цмок крутануўся – уся зямля рассыпалася. Другі раз, трэці – нічога не могуць зрабіць, разгубіліся. Тут да іх прыйшоў нейкі чалавек – ніхто не ведаў, адкуль ён – і сказаў: давайце я засыплю. Людзі пасмяяліся з яго: мы тут трыма вёскамі не можам, а ты! Ён кажа: мне патрэбны чорны певень і лапаць. Ну а што, далі – хоць нешта ж рабіць трэба. Ён упрог пеўня ў лапаць, насыпаў зямлі і павёз да цмока. Прывёз, высыпаў зямлю на істоту – цмок страшна застагнаў і застыў. Калі ён высыпаў другі лапаць – зямля сама стала насоўвацца на цмока. І калі прывёз трэці лапаць, зямля поўнасцю закрыла цмока і паўтарыла яго аблічча. З тых часоў гара пачала называцца Змеявец ці Змяёўка. Гэта, канешне, хутчэй за ўсё, марэнавая града, якая ўтварылася падчас таяння ледавіка, але на ёй, вельмі верагодна, быў цэнтр шанавання цмока ці змяінага баства. Да нас дайшла толькі легенда – чорны певень, дарэчы, падкрэслівае сувязь з тым светам, бо ва ўсіх легендах ён становіцца правадніком паміж нашым светам і тым.

– Ёсць Змееў камень у вёсцы Гогалеўка. Па паданні, ён утварыўся з чалавека. Быў такі ваўкалак, чалавек-цмок, і прыгожая дзяўчына – яны павінны былі пабрацца шлюбам. Але мужчына не мог быць увесь час у вобразе чалавека, ператвараўся ў цмока. Ён вельмі любіў прыходзіць да дзяўчыны і класціся ёй на калені, каб яна гладзіла яму валасы. Але ён вельмі прасіў, каб яго абавязкова будзілі, калі ідзе хмара з громам і маланкамі. Яму трэба было паспець уцекчы – гэта як з Царэўнай Жабкай, чыю шкурку трэба было абавязкова берагчы. І вось аднойчы дзяўчына вырашыла паглядзець, што будзе, – і не разбудзіла хлопца. Ён сам прачнуўся, калі навальніца была ўжо вельмі блізка. А цмокі ж хтанічныя стварэнні, якіх вельмі не любяць багі – і вось, калі ён ужо ляцеў, ператварыўшыся ў цмока, яго забіла маланкай – і ён ператварыўся ў вялікі камень.

Быў у нас і вадзяны цмок – мне распавядалі, што на Віцебшчыне ёсць вёска Ліпкі, каля якой некалькі азёраў. Адно завецца Сподак (Блюдце), бо вельмі падобна да яго – такое ж кругленькае. Дык вось там, кажуць, жыве нейкая падводная істота – яна нікога не есці, яе ніхто не бачыў, але кажуць, што гэта таму, што ў возеры ёсць падводныя хады.

– А дзе яшчэ ў Беларусі былі цмокі?

– Лепельскі цмок – шыкоўны вобраз. Караткевіч у рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” вельмі класна пачынае з таго, што была пошасць і што нават звяры цярпелі ад гэтага, і цмокі ў Лепельскім возеры падохлі. На трэці дзень пошасці ўсплыў самы вялікі цмок, даўгі, сорак метраў у даўжыню – ён быў як змей, але па твары падобны да цюленя. Гэта, канешне, міфатворчасць, але ў Лепелі ёсць краязнаўца Валадар Шушкевіч, які абгрунтаваў стварэнне помніку – і Лепель атрымаў свой брэнд. Туды зараз едуць не за помнікам Льву Сапегу ці шыкоўнай прыродай, а да цмока!

Вобразы вобразамі, міфатворчасць міфатворчасцю, але хто можа правесці паміж імі мяжу? Можна хораша і шырока пра іх распавядаць. Таму, калі беларускія кампаніі, як, напрыклад, завод “Бульбашъ”, натхнёныя гісторыяй, легендамі і міфамі, ствараюць цікавыя праекты ў падтрымку нашай культурнай спадчыны – гэта вельмі добрая ідэя. Галоўнае, каб гэта дазволіла нам далей развіваць і папулярызаваць нашу культуру.

 

Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Фото: CityDog.by.

Общество с ограниченной ответственностью ООО «Завод Бульбашъ» УНП 800009185

поделиться
СЕЙЧАС НА ГЛАВНОЙ

Редакция: editor@citydog.io
Афиша: editor@citydog.io
Реклама: editor@citydog.io

Перепечатка материалов CityDog возможна только с письменного разрешения редакции.
Подробности здесь.

Нашли ошибку? Ctrl+Enter