Навагоднія паштоўкі падпісалі? А тосты падрыхтавалі? Калі не, то добра: сабралі для вас беларускамоўныя застольныя тосты і святочныя вершы нашых класікаў, каб вы дзяліліся імі з блізкімі. Будзьма!
Застольныя тосты
«За здароўе ваша – у горла наша!»
«Першым разам, лепшым часам!»
«Каб жылося, былося, елася i пілося, пілося i елася i яшчэ хацелася!»
«Каб нашыя варагі выкаціла за нагі!»
«Дай божа, штоб было гожа (прыгожа)!»
«Дай бог здароўя i ручкам, i ножкам, i ўсяму патрошкі!»
«Дай божа, каб было гожа, а што нягожа – не давядзі божа!»
«Жыць ды маладзець, багацець ды дабрэць!»
«На доўгі век, на добрае здароўе!»
«Жыць, пажываць ды дабро нажываць!»
«[Дай божа] каб пілося, елася, да яшчэ хацелася!»
«Дай божа разам двое: шчасця i здароўя!»
«Вып’ем стоячы да дна, каб ва ўсіх думка была адна!»
«Выпіваем да дна, не астаўляем этаму дому зла!»
«Добра жыць ды не тужыць!»
«Жадаю табе разам трое: шчасця, долі i здароўя!»
«Добрым на здароўе, ліхім на безгалоўе!»
«Ад краю да краю ўсім дабра жадаю!»
«Каб нам жылося, былося, каб у нашай бульбе калоссе вялося!»
Навагоднія вершы беларускіх класікаў
«З Новым годам!»
Янка Купала
З Новым годам, з Новым годам!
З новай песняй, з новай казкай!
Зачаруем мімаходам
Долі ходы думкай-краскай!
Кінем покліч гулказвонны
Ад аконца да аконца,
Свет паклічам мёртва-сонны
Аж да сонца, аж да сонца!
Для унукаў, для праўнукаў
Расцярэбім сцежкі-шляхі;
Хай пануюць над прынукай –
Каб аж к небу лёту ўзмахі!..
Над зямлёй зардзіць вясёлка
После бураў, ліхалеццяў;
Бацьку, маці жыць нялёгка –
Хай жа лёгка жывуць дзеці!
З Новым годам, што крыніцай
Новай пойдзе ў пераходзе,
Беларуская зямліца!
Беларускі наш народзе!
«Дзед Мароз»
Якуб Колас
Ходзіць дзед белабароды
Полем, лесам, пералескам,
Засцілае рэчкі лёдам,
Брыльянцістым снежным блескам.
Сыпле іней на бярозы,
Туліць дрэвы лёгкім пухам,
Крые руні, травы, лозы
Белай посцілкай-кажухам.
Дзеда ўсюды носяць ногі,
І к нам прыйдзе на хвілінку
Адпачыць крыху з дарогі,
Важна сеўшы на ялінку.
А ялінка!.. Чаго толькі
На яе няма галінках!
Свецяць зоркі і вясёлкі
У бліскучых павуцінках.
Тут лісічка, зайчык, мышка,
Рыбкі, буслік доўгавязы.
А як ззяюць на ёй шышкі,
Нібы ў іх гараць алмазы!
Каля ёлкі карагоды,
Песні, гутарка жывая,
А той дзед белабароды
Толькі ў вусы смех пускае.
Дык рассунем кола шырай,
Патанцуем на памосце,
Песняй звонкай, песняй шчырай
Прывітаем дзеда-госця.
Якуб Колас
Ты прыйдзі да нас не з здрадай –
Добрай весткай павітай,
Развясель ты нас і ўзрадуй,
Сілы, крэпасці нам дай.
Каб мы йшлі не безнадзейна
К жыццю новаму ўпярод,
Знішчы ліхасці насенне,
Думкі горкія нягод.
Прынясі на землю згоду
I палёгку людзям дай,
Ясным сонейкам з усходу
Нам засмейся ты, заззяй!
Нашых ворагаў, як з грому,
Ўсіх развей і разгані
I са славаю дадому
Ты ваякаў нам вярні.
Асушы сіротам слёзы
I ўзмацуй ты наш народ.
Будзь нам ў радасць, год цвярозы,
Будзь папраўдзе «Новы год»!
Максім Танк (Якубу Коласу)
Паколькі настала з снягамі зіма,
А ў доме яшчэ тэлефона няма,
У светлае ў навагодняе ранне
Фотатэлеграмнае шлю прывітанне.
Жадаю ад сэрца здароўя і сілы,
Каб з чаркаю, а не з лякарствам дружылі,
І так, як у песні, якую Вы пелі,
Гадоў не лічылі Вы і не старэлі.
Віктар Шымук
Якім ты будзеш, Новы год,
Што прынясеш ты людзям?
… Сняжынак белы карагод
Развеяў ціха студзень.
І навакол – снягі, снягі
На сонейку іскрацца.
У снезе – рэчак берагі
І гарадоў палацы.
Завеяны лясы, лугі
Бялюткаю парошай.
У снезе край мой дарагі –
Ад Гродна і да Оршы.
Хачу, каб так было заўжды –
Спакойна, чыста, светла.
Каб белы снег,
не войнаў дым,
Кружыўся над планетай.
«Новы год»
Ніл Гілевіч
Новы год! Новы год!
Пачынаем карагод!
Закружылася ля елкі
Наша дружная сям’я.
Закружыліся іголкі,
Закружылася зямля,
Закружыўся белы дзед,
Закружыўся цэлы свет!
А на елцы – цацак, цацак!
Рыбкі, дырыжаблікі.
Нібы росныя, іскрацца
На галінках яблыкі.
І дрыжаць-зіхцяць яны,
Срэбраныя бусы.
Дзед цукеркі раздае
Ды смяецца ў вусы.
«Дзед Мароз і Міхасёк»
Павел Саковіч
Міхасёк зімовым ранкам,
Захапіўшы ў сенцах санкі,
Выйшаў, стаў сярод двара:
Дзе ж гуляе дзетвара?
Тут з’явіўся Дзед Мароз
І адразу – цап за нос.
Ну а потым, быццам жартам,
Угчыкнуў за вуха раптам.
Хлопчык здзекаў не стрываў –
Драпака адразу даў.
На крутую горку ўцёк
Ад марозу Міхасёк.
Дзед Мароз такі старэнькі,
У яго баляць каленкі.
Ён ад хлопчыка адстаў
І... чапляцца перастаў!
«Кружацца сняжынкі»
Міхась Пазнякоў
Хто там шустры скача?
Ціха снег рыпіць –
Гэта зайка з дачы
Праз лясок бяжыць.
Кружацца сняжынкі,
Нібы ў дзіўным сне.
Зайка для Дарынкі
Торбачку нясе.
А ёй – пажаданні
Добраю расці,
Быць заўжды стараннай,
Шчырай у жыцці.
Хоча ён з Дарынкай
Сам на Новы год
Хоць бы на хвілінку
Стаць у карагод.
Фота: Unsplash.com.