Топ-5 кніжак, якія могуць (не) выйсці дзякуючы вам

Топ-5 кніжак, якія могуць (не) выйсці дзякуючы вам
Беларускія казкі, сучасная антыўтопія пра Мінск, літаратура факта пра Гродна, кніга з сярэдневяковымі картамі і пераклад англійскага сатырычнага рамана. Сямён Цыбульскі – пра тое, на якія беларускія кнігі проста зараз краўдзяць грошы.

Беларускія казкі, сучасная антыўтопія пра Мінск, літаратура факта пра Гродна, кніга з сярэдневяковымі картамі і пераклад англійскага сатырычнага рамана. Сямён Цыбульскі – пра тое, на якія беларускія кнігі проста зараз краўдзяць грошы.

«Вядзьмар, які рабіўся ваўком»

Беларускія чарадзейныя казкі ў апрацоўцы Антона-Францішка Брыля і з ілюстрацыямі Валерыя Славука (выдавецтва «Янушкевіч»)

Гэта 30 беларускіх казак з класічных збораў этнографаў XIX-XX стст: Паўла Шэйна, Еўдакіма Раманава, Міхала Федароўскага і Уладзіслава Вярыгі.

Чаму варта падтрымаць кнігу? Гэта той выпадак, калі сышліся зоркі. Шыкоўны ілюстратар, дапытлівы ўкладальнік і неабсяжная моц беларускай магіі.

Аўтар беларускага візуальнага бестыярыя, мастак Валерый Славук (гэта ён афармляў культавае выданне «Шляхціца Завальні» і маляваў разнастайных нячысцікаў для «Беларускага фальклору»), а таксама літаратар-медыевіст Антон-Францішак Брыль (сярод яго прац – пераклад стараанглійскага эпаса «Бэўвульфа») аб’ядналі свае немалыя сілы, выдаўшы і аформіўшы кнігу.

«Каларадская пушча»

Антыўтопія пра Мінск ад Севярына Квяткоўскага (выдавецтва «Логвінаў»)

У Расію трапіў метэарыт, яе няма, але праз выбуховую хвалю амаль цалкам затапіла Мінск. Цяпер замест горада – Мінскае мора з некаторымі пазнавальнымі выспамі і архіпелагамі: Серабранка, Трактарны і г.д. У кожнай выспы свой характар і кшталт: трасянкавы, адраджэнскі, постсаўковы. Паміж выспамі наладжана нерэгулярнае воднае злучэнне, па якім гойсаюць героі-сталкеры.

Хто любіць «Шалёнага Макса» і «Водны свет», ахвяруйце вашы грошыкі! Тут вам забяспечаны кінараман-(анты)ўтопія. Дарэчы, зараз ідзе збор сродкаў на другі тыраж рамана. Першы паспяхова завершаны. Шчаслівы аўтар гойсае з выступленнямі па Беларусі, расказваючы ў рэгіёнах, што ў ягонай рэальнасці сталіца мае расплыўчатае паняцце.

«Картаграфія Вялікага Княства Літоўскага ад ХV да сярэдзіны XVIII стагоддзя»

Навукова-папулярная кніга польскага навукоўца беларускага паходжання

Станіслаў Александровіч у свой час напісаў працу пра гісторыі нашых земляў на картах, а цяпер яе перавыдаюць па-беларуску. У перакладным з польскай выданні будзе 56 каляровых старонак каляровых рэпрадукцый. Тут – карты, праекты адбудовы замкаў і планы сярэдневяковых бітваў.

Чаму варта падтрымаць? Гэта не краўдфандынг – гэта фактычна міні-курс па картаграфіі. Сярод заяўленых лотаў, акрамя ўласна інфарматыўнай кнігі, і лекцыя пра картаграфічныя падробкі, і нават антыкварная карта Еўропы.

«Гісторыі з гродзенскіх вуліц»

Кніга пра Гродна 1930–1940-х ад нашага прыяцеля Руслана Кулевіча з Hrodna.life.

Кніга ў актуальным цяпер жанры «вуснай гісторыі». Журналіст Руслан Кулевіч сабраў прыгады (і прыгоды) людзей, якія жылі ў Гродна паміж дзвюма войнамі.

Героі, звычайныя гараджане, расказваюць пра «польскі час», акупацыю і першыя паваенныя гады. Аўтар браў інтэрв’ю як у цяперашніх гарадзенцаў , так і ва ўцекачоў. Ён адмыслова ездзіў у Польшчу, каб сабраць там успаміны апошніх сведкаў – людзей, якія нарадзіліся і жылі ў Гродне, але ў 1940–1950-я выехалі за мяжу.

Чаму варта? Беларусь да 90-х гадоў не мела досведу незалежнага жыцця. Міжваенны Гродна з яго адноснай ліберальнасцю і разняволенасцю гарадскога жыцця – менавіта тая крыніца, адкуль хочацца чэрпаць натхнення для сваёй урбан-будучыні, не абавязкова выключна гарадзенскай.

Ну, і кніга таксама аздоблена кранальнымі даваеннымі фотаздымкамі.

«Трое ў чоўне і пёс з імі»

Той самы класічны твор Джэрома Клапкі Джэрома ў перакладзе Паўла Касцюкевіча і з ілюстрацыямі Кацярыны Пікірэні

Вас чакаюць чатыры месяцы шэрай зімы, памятаеце? Самы час запасацца праверанамі антыдэпрэсантамі. «Трое ў чоўне» – класічная англійская сатыра. Чацвёра сяброў, Джордж, Гарыс, Джэй і фоксік Манмарансі, замучаныя агульнай млявасцю і абыякавасцю да жыцця, выпраўляюцца з вялікага горада ў рачное падарожжа па Тэмзе.

Джэрому Клапке Джэрому заказалі напісаць гід па Тэмзе, але нешта пайшло не так. Атрымаўся суцэльны гімн ляноце, закону бутэрброда і чорным сілам дамаседства. Вялікая Брытанская энцыклапедыя апраўданняў, адмазак і адчэпак, каб нікуды не плыць.

Акрамя ўцешнага перакладу вас чакае прыемны дадатак – ілюстрацыі, вершы, і рачныя маршруты ўжо па беларускіх рэчках. Справа ў тым, што айчынныя інтэлектуалы ўжо трыццаць гадоў ходзяць у рачныя вандроўкі і назапасілі свой адметны фальклор, які ў чымсьці сугучны выбрыкам чатырох раздзяўбаяў з англійскага арыгінала.

поделиться